• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская сустрэлася са спікерам Сената Румыніі Мірчам Абрудзянам

    04 лістапада, 2026

    4 лістапада ў Бухарэсце Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу са спікерам Сената Румыніі Мірчам Абрудзянам. Перамовы адбыліся ў Палацы парламента — адным з самых вялікіх адміністрацыйных будынкаў свету, будаўніцтва якога пачалося пры дыктатары Нікалае Чаўшэску. Пасля падзення дыктатуры ў 1989 годзе палац стаў месцам працы дэмакратычнага парламента Румыніі.

    На ўваходзе ў парламент Ціханоўская сустрэла групу са 150 дзяцей, якія прыйшлі на экскурсію. Беларуская лідарка павіталася з імі і адзначыла, наколькі важна, каб дзеці з маленства знаёміліся з працай дэмакратычных інстытутаў.

    Падчас перамоваў Ціханоўская і Абрудзян абмеркавалі румынскі досвед пераходу ад дыктатуры да дэмакратыі, канстытуцыйныя рэформы, аднаўленне вяршэнства права і прыцягненне да адказнасці прадстаўнікоў былога рэжыму.

    Ціханоўская падзякавала за рэзалюцыю Сената Румыніі ад 2 верасня 2020 года ў падтрымку беларускага народа, якая асудзіла гвалт супраць мірных пратэстоўцаў, падтрымала патрабаванне свабодных выбараў і непрызнанне Лукашэнкі легітымным кіраўніком Беларусі.


    Падчас сустрэчы абмеркавалі:

    • Стварэнне парламенцкай групы «За дэмакратычную Беларусь» у Румыніі для развіцця супрацоўніцтва з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і падтрымкі беларускага грамадства.

    • Правядзенне слуханняў у парламенце Румыніі, прысвечаных сітуацыі ў Беларусі, палітычным зняволеным, рэпрэсіям і пагрозам беларускай незалежнасці.

    • Арганізацыю сумесных грамадска-палітычных мерапрыемстваў, каб прыцягваць увагу румынскага грамадства і палітыкаў да Беларусі, падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасць і ўмацоўваць сувязі паміж дзвюма краінамі.


    Святлана Ціханоўская:

    «Для мяне важна, каб падтрымка Беларусі не абмяжоўвалася заявамі і рэзалюцыямі. Нам трэба, каб у парламентах Еўропы пастаянна гучала тэма беларускіх палітвязняў і рэпрэсій. Каб еўрапейскія палітыкі адрознівалі беларусаў ад рэжыму Лукашэнкі і не ўспрымалі беларускі народ як агрэсара. Гэта рэжым Лукашэнкі — суагрэсар у вайне супраць Украіны, а беларусы хочуць мірнай і свабоднай будучыні.

    Спадзяюся, нам удасца стварыць групу за дэмакратычную Беларусь і ў румынскім парламенце. Такія групы ўжо існуюць у парламентах 23 краін свету і вельмі дапамагаюць прасоўваць беларускае пытанне, падтрымліваць палітвязняў і прыцягваць увагу да сітуацыі ў нашай краіне.

    Румынія сама прайшла праз дыктатуру і ведае, як цяжка вяртаць краіну да нармальнага жыцця. Гэты досвед нам спатрэбіцца, калі ў Беларусі пачнуцца перамены. І я хачу, каб мы рыхтаваліся да іх ужо цяпер».

    Апошнія навіны