28 кастрычніка Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з пасламі і дыпламатамі 15 краін ў Дубліне, падчас старшынства Ірландыі ў Радзе ЕС. Сустрэчу арганізаваў кіраўнік пасольства Польшчы ў Ірландыі Артур Міхальскі, які шмат гадоў падтрымлівае беларускія дэмакратычныя сілы. У сустрэчы ўзялі ўдзел прадстаўнікі Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Германіі, Францыі, Італіі, Іспаніі, Нідэрландаў, Швецыі, Ірландыі, Канады, Вялікабрытаніі і Украіны. Таксама ўдзельнічалі прадстаўнікі МЗС Ірландыі і пасол Ірландыі ў Літве Шэйна Мак’ю.
Галоўная ўвага была нададзеная наступным пытанням:
- Вызваленне палітвязняў і санкцыі. Ціханоўская падкрэсліла, што вызваленне людзей павінна заставацца гуманітарным пытаннем. Пры гэтым неабходна дабівацца поўнага спынення рэпрэсій. У Беларусі працягваюцца арышты, а многіх вызваленых палітвязняў прымусова вывозяць за мяжу. Ціханоўская заклікала еўрапейскія краіны захаваць прынцыповую пазіцыю, трымаць вызваленне палітвязняў прыярытэтам у любых размовах з Мінскам, і захоўваць ціск пакуль не пачнуцца сістэмныя змены.
- Дакументы і дапамога беларусам за мяжой. Асобна абмеркавалі праблемы беларусаў з пратэрмінаванымі пашпартамі, легалізацыяй і атрыманнем праязных дакументаў. Ціханоўская распавяла пра рашэнне Ірландыі прымаць пратэрмінаваныя беларускія пашпарты для падаўжэння дазволаў на пражыванне і заклікала іншыя краіны працягваць пошук практычных рашэнняў для беларусаў.
- Украіна і бяспека Беларусі. Ціханоўская распавяла пра развіццё супрацоўніцтва з Украінай, сустрэчы з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім і кіраўніцтвам украінскага МЗС, а таксама працу беларускай місіі ў Кіеве. Абмеркавалі рост ваеннай залежнасці Беларусі ад Расіі і выкарыстанне беларускіх прадпрыемстваў для расійскіх ваенных заказаў.
- Адказнасць рэжыму і міжнародныя механізмы. Абмеркавалі справу ў Міжнародным крымінальным судзе, распачатую па ініцыятыве Літвы, а таксама неабходнасць далейшага расследавання злачынстваў рэжыму. Ціханоўская заклікала краіны падтрымліваць міжнародныя механізмы адказнасці і звяртаць больш увагі на транснацыянальныя рэпрэсіі.
- Падтрымка незалежных медыя, культуры і грамадзянскай супольнасці. Ціханоўская падзякавала краінам за дапамогу незалежным беларускім медыя, праваабаронцам, культурным і адукацыйным праектам.Яна заклікала працягваць гэтую падтрымку, асабліва праграмы, якія дапамагаюць захоўваць сувязь беларусаў з Еўропай і дасягаць аўдыторыі ўнутры краіны.
- Еўрапейская будучыня Беларусі. Ціханоўская распавяла пра беларуска-ірландскую канферэнцыю па нацыянальнай і культурнай ідэнтычнасці, якая адбылася напярэдадні ў Дубліне, і падзякавала Ірландыі за падтрымку беларускіх ініцыятыў падчас старшынства ў Радзе ЕС. Таксама абмеркавалі падрыхтоўку да саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці і магчымасці далейшага супрацоўніцтва беларускіх дэмакратычных сіл з еўрапейскімі краінамі.
Святлана Ціханоўская:
«Для нас важна, каб Беларусь не знікала з міжнароднага парадку дня. Каб працягвалася праца па вызваленні палітвязняў, каб беларусы за мяжой маглі вырашаць праблемы з дакументамі, каб незалежныя медыя і грамадзянская супольнасць мелі падтрымку».
