27 кастрычніка Святлана Ціханоўская ў Дубліне выступіла перад кіраўнікамі і прадстаўнікамі еўрапейскіх дэпартаментаў міністэрстваў замежных спраў краін ЕС. Сустрэча прайшла падчас ірландскага старшынства ў Радзе Еўрасаюза. У ёй удзельнічалі дыпламаты з больш як 20 еўрапейскіх краін, а таксама прадстаўнікі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, Еўракамісіі і МЗС Ірландыі.
Галоўнымі тэмамі сталі вызваленне палітвязняў, супрацоўніцтва з ЗША і Украінай, падрыхтоўка да магчымых перамен у Беларусі і падтрымка беларускага грамадства.
Ціханоўская распавяла пра працу з амерыканскай адміністрацыяй і спецпасланнікам Джонам Коўлам, які вядзе перамовы з рэжымам аб далейшым вызваленні палітвязняў, і вітае гэтыя намаганні. Ціханоўская нагадала, што важна не дазволіць Лукашэнку выкарыстаць гуманітарныя перамовы для ўмацавання рэпрэсій і рэжыму. Лідарка заклікала еўрапейскія краіны захоўваць адзіную пазіцыю, працягваць ціск і ўздымаць пытанне палітвязняў і рэпрэсій у любых кантактах з Мінскам.
Асобную ўвагу Ціханоўская звярнула на працэсы ўнутры Беларусі. Яна адзначыла, што беларуская эканоміка ўсё больш залежыць ад расійскіх ваенных заказаў. Адначасова ўнутры рэжыму ўсё часцей абмяркоўваюцца магчымыя сцэнары транзіту. Ціханоўская заклікала еўрапейскіх партнёраў рыхтавацца да магчымых палітычных зменаў у Беларусі ўжо цяпер. Яна нагадала, што дэмакратычныя сілы прапанавалі круглы стол прадстаўнікам сістэмы Лукашэнкі і працуюць над еўрапейскай альтэрнатывай для Беларусі.
Акрамя гэтага, Ціханоўская распавяла пра сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і міністрам замежных спраў Андрэем Сібігам. Яна падкрэсліла, што вынікі вайны ва Украіне будуць мець непасрэдны ўплыў на будучыню Беларусі, і заклікала еўрапейскія краіны падтрымліваць Украіну, а таксама імкнуцца ўключыць беларускае пытанне ў магчымыя мірныя перамовы. Беларусь не павінна застацца пад расійскім кантролем пасля заканчэння вайны.
Ціханоўская заклікала працягваць адукацыйныя праграмы, падтрымліваць незалежныя медыя, беларускую культуру, грамадзянскія ініцыятывы і магчымасці для паездак і абменаў. Асобна яна звярнула ўвагу на праблемы беларусаў за мяжой: пратэрмінаваныя пашпарты, складанасці з дакументамі і транснацыянальныя рэпрэсіі. Ціханоўская падкрэсліла, што беларусы, якія вымушана пакінулі краіну, павінны мець магчымасць нармальна жыць, працаваць, не губляючы сувязь з Беларуссю.
Святлана Ціханоўская:
«Мы бачым, што сітуацыя ў Беларусі можа змяніцца. Рэжым сам абмяркоўвае сваю будучыню, а вайна ва Украіне можа адкрыць новыя магчымасці для нашай краіны».
