Удзельнікамі праграмы сталі 26 чалавек з Беларусі і Украіны. Для іх падрыхтавалі асаблівую праграму адпачынку і аднаўлення: дні на моры, шпацыры і экскурсіі па Фларэнцыі, майстар-класы і цёплае знаёмства з маляўнічай Тасканай. Арганізатары пастараліся стварыць бяспечную і сяброўскую атмасферу, дзе кожны ўдзельнік можа адчуць клопат і супакой.
Прадстаўніца дыяспары беларусаў у Італіі і кіраўніца цэнтра беларускай супольнасці ў Фларэнцыі Юлія Юхно распавяла, што ідэя гэтага праекта нарадзілася з прагнення дапамагчы тым, хто прайшоў праз найбольш цяжкія выпрабаванні. Першы такі досвед быў паспяхова рэалізаваны ў Венецыі, а цяперашні адпачынак праходзіць у маляўнічым запаведніку Тасканы, дзе спакойнае асяроддзе спрыяе душэўнаму і фізічнаму аднаўленню.
Юлія Юхно:
«Мы сабралі і былых палітзняволеных, і родных палітзняволеных, і таксама былых добраахвотнікаў і арганізавалі ім такую рэкрэацыйную паездку на два тыдні для таго, каб людзі адпачылі, каб аднавіліся, каб пабылі са сваімі сем’ямі і не думалі ў гэты час пра нейкія праблемы.
Як прадстаўніца Народнай амбасады і асацыяцыі «Талака», я, мая каманда і валанцёры ў розных ініцыятывах будзем рабіць усё магчымае, каб гэтыя праграмы працягнуліся і ў наступным годзе».
Ініцыятыву рэалізуе асацыяцыя «Talaka». Правядзенне праекта стала магчымым дзякуючы фінансавай і практычнай падтрымцы вялікай колькасці партнёраў. Сярод іх: Regione Toscana, Consiglio Regionale della Toscana, тэрытарыяльныя структуры CISL у розных правінцыях Тасканы і ISCOS Toscana. Таксама да арганізацыі далучыліся Цэнтр беларускай салідарнасці, фонд «Краіна для жыцця», «Народныя Амбасады» і Міжнародны гуманітарны фонд.
