У Гаазе, падчас сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, Святлана Ціханоўская сустрэлася з генеральным сакратаром АБСЕ Раберта Мантэлам і прэзідэнтам Парламенцкай асамблеі Перэ Жаанам Понсам. Разам з Ціханоўскай у сустрэчы ўдзельнічала дэлегацыя беларускіх дэмакратычных сіл, у якую ўвайшлі прадстаўнікі Офіса, Аб’яднанага пераходнага кабінета, Каардынацыйнай рады і беларускіх палітычных партый.
Ціханоўская распавяла пра стварэнне Групы за дэмакратычную Беларусь у Парламенцкай асамблеі АБСЕ, да якой на сёння ўжо далучыліся дэпутаты з 20 краін. Група будзе прасоўваць беларускія пытанні ў Асамблеі, арганізоўваць мерапрыемствы, прысвечаныя Беларусі, і садзейнічаць падтрымцы беларускай дэмакратычнай павесткі.
Ціханоўская падзякавала прэзідэнту ПА АБСЕ і нацыянальным дэлегацыям за магчымасць працы беларускай дэлегацыі ў якасці ценявой дэлегацыі, а таксама за магчымасць удзельнічаць у мерапрыемствах Асамблеі. Яна адзначыла важнасць таго, каб у межах АБСЕ быў прадстаўлены голас беларускага грамадства, а не рэжыму. Ціханоўская выказала спадзяванне, што сітуацыя ў Беларусі будзе змяняцца, і роля АБСЕ як дыялогавай пляцоўкі стане важнай для будучага дэмакратычнага транзіту краіны.
Таксама Ціханоўская адзначыла, што падчас цяперашняй сесіі будзе разглядацца рэзалюцыя па Беларусі. Бакі абмеркавалі і магчымасць арганізацыі беларускіх мерапрыемстваў падчас зімовай сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ.
