Мэр Прагі Багуслаў Свобада прыняў Святлану Ціханоўскую падчас яе візіту ў Чэхію.
Ціханоўская падзякавала мэру за падтрымку беларускіх ініцыятыў і беларускай дыяспары ў Празе, а таксама за яго ўдзел у мерапрыемствах з нагоды Дня Волі. Асобна яна адзначыла адкрытасць гарадскіх уладаў да супрацоўніцтва з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю.
Мэр Свобада падкрэсліў, што Прага заўсёды была адкрытай для беларусаў. Ён нагадаў, што яшчэ сто гадоў таму чэшская сталіца прымала беларускія палітычныя і культурныя эліты, а таксама ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнанні. Паводле яго слоў, падтрымка свабоднай і дэмакратычнай Беларусі для Прагі — гэта пытанне прынцыпаў, каштоўнасцяў і гістарычнай салідарнасці.
Падчас сустрэчы мэр прывітаў вызваленне беларускіх палітвязняў і высока ацаніў працу беларускай дэмакратычнай супольнасці. Ён таксама ўзгадаў сваю апошнюю сустрэчу са Святланай Ціханоўскай у Нью-Ёрку падчас урачыстай цырымоніі, прысвечанай Максіму Знаку, які на той момант яшчэ знаходзіўся за кратамі.
Святлана Ціханоўская заклікала кіраўніцтва Прагі і надалей падтрымліваць беларускія грамадзянскія і культурныя ініцыятывы. Яна звярнулася да мэра з просьбай узяць патранаж над Кангрэсам беларусаў Чэхіі, які плануецца правесці гэтай восенню, а таксама дапамагчы з прадастаўленнем пляцоўкі для беларускіх мерапрыемстваў.
Бакі таксама абмеркавалі магчымасці для паглыблення чэшска-беларускіх адносінаў. Ціханоўская адзначыла, што менавіта культура і асвета дапамагаюць захоўваць беларускую ідэнтычнасць ва ўмовах рэпрэсіяў і выгнання, а таксама будуюць масты паміж народамі Беларусі і Чэхіі.
Святлана Ціханоўская:
«Я вельмі ўдзячная Празе і Чэхіі за тое, што яна стала домам для многіх беларусаў. Тут многія беларусы могуць свабодна вучыцца, працаваць, развіваць культуру і захоўваць сваю ідэнтычнасць. Гэта падтрымка, якую беларусы ніколі не забудуць».
Падчас візіту ў Чэхію 10–11 чэрвеня 2026 Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Чэхіі Петрам Павелам, міністрам замежных справаў Пэтрам Мацінкам, кіраўніком чэшскага Сената, а таксама беларускай грамадзянскай супольнасцю ў Чэхіі.
