7 чэрвеня ў Вільнюсе дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі наведаў Боскую літургію, якую ўзначаліў Яго Святасць Усяленскі Патрыярх Варфаламей. Пасля заканчэння набажэнства Кучынскі прывітаў Патрыярха ад імя Святланы Ціханоўскай і беларускіх вернікаў у Літве і перадаў Яго Святасці ліст ад Ціханоўскай.
Беларуская лідарка падзякавала патрыярху за благаслаўленне на стварэнне Беларускага праваслаўнага прыходу ў Вільнюсе, а таксама за падтрымку праваслаўных беларусаў у выгнанні:
«Ад імя беларусаў у Літве хачу выказаць глыбокую ўдзячнасць за Ваш клопат пра беларускую праваслаўную супольнасць, за падтрымку прыходу ў Вільнюсе і за пастырскую апеку, якую Усяленскі Патрыярхат аказвае беларусам у розных краінах свету. Для многіх нашых суайчыннікаў гэта стала знакам надзеі і сведчаннем таго, што ў цяжкія часы беларусы не засталіся сам-насам са сваімі выпрабаваннямі».
У лісце Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што сёння сотні тысячаў беларусаў былі вымушаныя апынуцца за межамі радзімы і шукаюць не толькі бяспекі, але і духоўнай падтрымкі. Менавіта таму асаблівае значэнне мае магчымасць знаходзіць духоўную апеку пад амафорам Маці-Царквы Канстанцінопаля.
Асобна была адзначана гістарычная сувязь беларускіх земляў з Усяленскім Патрыярхатам, якая бярэ пачатак яшчэ ў часы Кіеўскай мітраполіі і Вялікага Княства Літоўскага, калі праваслаўнае жыццё на беларускіх землях развівалася ў еднасці з Канстанцінопальскай традыцыяй.
На памяць пра сустрэчу Кучынскі ўручыў Усяленскаму Патрыярху Слуцкі пояс — адзін з самых вядомых нацыянальных сімвалаў Беларусі. Менавіта ў ім адлюстравана сувязь паміж беларускімі землямі і Канстанцінопальскай духоўнай традыцыяй.

Дзяніс Кучынскі перадае патрыярху Канстанцінопальскаму Варфаламею ліст ад Святланы Ціханоўскай і адноўлены слуцкі пояс пасля літургіі ў храме Найсвяцейшай Тройцы ў Трынапалі. Вільня, 7 чэрвеня 2026. Фота: Белсат