Пасля сустрэчы Святланы Ціханоўскай і Уладзіміра Зяленскага ў Кіеве ў Вярхоўнай Радзе Украіны адбылася рабочая сустрэча, прысвечаная падтрымцы беларусаў ва Украіне і развіццю супрацоўніцтва з беларускімі дэмакратычнымі сіламі.
Сустрэчу арганізавала дэпутацкае аб’яднанне «За дэмакратычную Беларусь» разам з Офісам Святланы Ціханоўскай. У ёй узялі ўдзел прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і Каардынацыйнай Рады, беларускія добраахвотнікі, а таксама ўкраінскія дэпутаты Вадзім Галайчук і Ігар Гузь, старшыня Камітэта па міжнародных пытаннях Аляксандр Мярэжка, чалец Канстытуцыйнага Суда Украіны Юрый Барабаш і спецпрадстаўнік Украіны па Беларусі Яраслаў Чарнагор.
Падчас сустрэчы ўдзельнікі абмеркавалі асноўныя праблемы, з якімі сёння сутыкаюцца беларусы ва Украіне, у тым ліку пытанні легалізацыі, дакументаў, прававога статусу і падтрымкі беларускіх добраахвотнікаў. Асобная ўвага была нададзеная магчымым заканадаўчым рашэнням і каардынацыі працы з органамі выканаўчай улады Украіны.
Удзельнікі сустрэчы таксама адзначылі важнасць стварэння новых механізмаў супрацоўніцтва — у прыватнасці, пасады спецпрадстаўніка Украіны па Беларусі і Місіі дэмакратычных сілаў Беларусі ва Украіне. Асобна абмяркоўвалася ідэя стварэння міжсектаральнай кантактнай групы па Беларусі з удзелам украінскіх парламентарыяў, прадстаўнікоў выканаўчай улады і беларускай дэмакратычнай супольнасці. Мэта такой групы — забяспечыць пастаянную каардынацыю і супольную працу па вырашэнні пытанняў, звязаных з Беларуссю і беларусамі ва Украіне.
