Каардынацыйная Рада і Офіс Святланы Ціханоўскай — розныя структуры, але яны шмат у чым працуюць у звязцы.
Сабралі некалькі прыкладаў таго, як гэтае супрацоўніцтва дае канкрэтныя вынікі для беларусаў.
Нумар 1
Прысутнасць дэмакратычных сілаў у ПАРЕ
Офіс Святланы Ціханоўскай ініцыяваў і прасунуў рэзалюцыю ПАРЕ па Беларусі. Дзякуючы ёй удалося замацаваць прысутнасць дэмакратычных сілаў у Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы і запусціць інстытут спецдакладчыка па Беларусі.
Таксама Каардынацыйная Рада атрымала магчымасць фармаваць дэлегацыю ў Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Еўропы.
Вынік: прадстаўнікі Каардынацыйнай Рады могуць прасоўваць важныя для беларусаў пытанні ў ПАРЕ і працаваць з парламентарыямі, палітыкамі і чыноўнікамі з больш як 46 краінаў.
Нумар 2
Сталы дыялог паміж Офісам і КР
Прадстаўнікі Офіса ўдзельнічаюць у слуханнях Каардынацыйнай Рады, сустракаюцца з фракцыямі, супрацоўнічаюць з камісіямі. Святлана Ціханоўская таксама неаднаразова выступала ў Каардынацыйнай Радзе і адказвала на пытанні дэлегатаў.
Вынік: пазіцыі розных структураў дэмакратычных сілаў лепш узгадняюцца, а супольная праца становіцца больш скаардынаванай і эфектыўнай.
Нумар 3
Праца над законамі і рэформамі для новай Беларусі
Адзін са стратэгічных прыярытэтаў Офіса — падрыхтоўка рэформаў і законаў для Новай Беларусі. Ужо падрыхтаваны праект Канстытуцыі і пакет законапраектаў, якія дапамогуць хутка запусціць неабходныя змены.
Частка гэтых праектаў выносілася на абмеркаванне ў Каардынацыйную Раду.
Вынік: КР паступова набліжаецца да ролі протапарламента праз рэальную працу над будучымі рэформамі.
Нумар 4
Прадстаўніцтва ў ПА ЕўраНэст
Офіс дамогся размарозкі 10 месцаў для дэмакратычных сілаў у Парламенцкай асамблеі ЕўраНэст. Цяпер таксама ідзе праца, каб дэмакратычныя сілы атрымалі там статус назіральніка.
Вынік: у прадстаўнікоў Каардынацыйнай Рады з’явілася магчымасць рэгулярна працаваць з Еўрапарламентам і нацыянальнымі парламентамі пяці краінаў.
Нумар 5
«Люксембургскія рашэнні» для працы з беларускай эміграцыяй
Офіс стаў суаўтарам рэзалюцыі ПАРЕ па беларусах у эміграцыі і суарганізатарам Люксембургскай канферэнцыі. Па выніках гэтай працы былі падрыхтаваныя і прынятыя «Люксембургскія рашэнні» — рэкамендацыі для парламентаў, міжнародных парламенцкіх арганізацыяў і дэпутатаў пра тое, як працаваць з беларускай супольнасцю за мяжой.
Вынік: Каардынацыйная Рада атрымала гатовую аснову для сістэмнай працы з парламентамі і дэпутатамі па праблемах беларусаў у замежжы.
Нумар 6
Прысутнасць у Парламенцкай асамблеі АБСЕ
Па ініцыятыве Офіса ў ПА АБСЕ быў запушчаны працэс стварэння групы «За дэмакратычную Беларусь». Таксама ідзе рэалізацыя дамоўленасці пра прадстаўніцтва дэмакратычных сілаў у гэтай Асамблеі.
Вынік: КР атрымала магчымасць праз сваіх прадстаўнікоў наўпрост працаваць у міжнароднай парламенцкай арганізацыі і аслабляць негатыўныя наступствы прысутнасці там прызначаных Лукашэнкам дэпутатаў.
Нумар 7
Альянс «За дэмакратычную Беларусь»
Альянс дэпутацкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь» стаў шырокай міжнароднай парламенцкай кааліцыяй у падтрымку Беларусі. Сёння ён аб’ядноўвае 25 парламентаў і міжнародных арганізацыяў.
Вынік: для Каардынацыйнай Рады гэта дадатковая магчымасць працаваць наўпрост з нацыянальнымі парламентамі і развіваць двухбаковыя сувязі.
Нумар 8
Праца з ЕС і іншымі краінамі
Прадстаўнікі Каардынацыйнай Рады ўдзельнічаюць у пасяджэннях Кансультатыўнай групы Беларусь—ЕС і ў стратэгічных кансультацыях з іншымі краінамі.
Вынік: КР можа наўпрост падымаць перад прадстаўнікамі выканаўчых уладаў практычныя праблемы беларусаў і шукаць шляхі іх вырашэння.
Нумар 9
Навошта гэтае супрацоўніцтва ўвогуле патрэбнае?
Офіс Святланы Ціханоўскай адкрывае міжнародныя магчымасці і прасоўвае палітычныя рашэнні. Каардынацыйная Рада выкарыстоўвае гэтыя магчымасці як прадстаўнічы орган, які працуе ад імя беларусаў.
Вынік: гэтае супрацоўніцтва дапамагае дэмакратычным сілам дзейнічаць больш узгоднена, лепей прадстаўляць інтарэсы беларусаў і крок за крокам умацоўваць Каардынацыйную Раду як рэальны протапарламент.
