4 сакавіка ў Бруселі прайшоў форум «8+100» — пляцоўка для супрацоўніцтва беларускіх дэмакратычных сілаў з еўрапейскімі палітычнымі партыямі.
Мерапрыемства было арганізавана Еўрапейскім парламентам сумесна з Офісам Святланы Ціханоўскай.
Форум аб’яднаў восем беларускіх дэмакратычных партыяў: Аб’яднаную грамадзянскую партыю, Партыю Зялёных, Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю «Грамада», Партыю БНФ, рух «За Свабоду», Беларускую хрысціянскую дэмакратыю, рух «Краіна для жыцця», партыю «Нашая партыя» і партыю «Разам» — і больш за 100 еўрапейскіх палітычных партыяў, якія падтрымліваюць легітымныя дэмакратычныя сілы Беларусі. Сярод іх: Еўрапейская народная партыя, Renew Europe, Кансерватары і рэфармісты, партыя Зялёных і Сацыял-дэмакратаў.
У межах форуму ўдзельнікі абмеркавалі два ключавыя стратэгічныя напрамкі: каардынацыю палітыкі ЕС у адносінах да Беларусі і ролю краіны ў будучай архітэктуры еўраатлантычнай бяспекі. Асобная ўвага была нададзена сітуацыі ўнутры Беларусі, вызваленню палітвязняў і супрацьдзеянню гібрыднай агрэсіі Крамля.
Падчас адкрыцця форуму Святлана Ціханоўская звярнулася да ўдзельнікаў з відэапрамовай:
«Дарагія сябры!
Для мяне вялікі гонар і радасць вітаць вас на форуме 8+100. Гэты форум — гэта платформа, дзе беларускія партыі сустракаюцца са сваімі еўрапейскімі партнёрамі.
Хачу падзякаваць Еўрапейскаму парламенту, які зрабіў гэтае мерапрыемства магчымым, асабліва маім дарагім сябрам — Раберце Метсоле, Малгажате Гасеўскай, Анджэю Халіцкаму. У мяне ёсць словы ўдзячнасці для кожнага з вас у гэтай зале — і я ніколі не стамлюся казаць ДЗЯКУЙ. Дзякуй вам — за вашу моцную веру ў нашу барацьбу і ў еўрапейскую будучыню нашай краіны.
Хачу таксама падзякаваць усім калегам з Еўрапейскай камісіі і Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, якія прысутнічаюць тут, — за вашу моцную падтрымку беларускага дэмакратычнага руху. Ніколі раней Беларусь не займала такое высокае месца ў парадку дня ЕС. На гэтым тыдні мы правядзём пасяджэнне Кансультатыўнай групы ЕС–Беларусь, каб абмеркаваць стратэгію і планы — яшчэ адну форму нашага плённага супрацоўніцтва.
Калі некалькі гадоў таму мой дарадца Анатоль Лябедзька прапанаваў ідэю гэтага форуму, сем з дзевяці лідараў беларускіх палітычных партый знаходзіліся ў зняволенні. Але ён сказаў: мы ўсё роўна павінны гэта зрабіць — дзеля будучыні. Каб захаваць палітычныя партыі. Бо аднойчы ўсе будуць свабодныя, і прыйдуць свабодныя выбары — і мы павінны быць гатовыя.
Праз некалькі гадоў мы нарэшце ўбачылі на волі Мікалая Казлова з Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Дзмітрыя Кучука з Партыі зялёных, хрысціянскага дэмакрата Паўла Севярынца, а нядаўна — Мікалая Статкевіча з Сацыял-дэмакратычнай партыі. Мікалай Статкевіч цяпер дома разам з жонкай, але яго здароўе пад пагрозай — у турме ён перанёс інсульт. Нягледзячы на гэта, ён адразу вярнуўся да публічнай дзейнасці і зрабіў моцныя заявы ў падтрымку незалежнасці Беларусі.
Мы бачым, што вызваленыя лідары партый хутка вяртаюцца да палітычнага жыцця. Мікалай Казлоў вылучаны на пасаду ва Аб’яднаным пераходным кабінеце. Дзмітрый Кучук ужо працуе дарадцам Офіса па экалагічных пытаннях і рыхтуе мерапрыемствы да гадавіны Чарнобыльскай катастрофы. Павал Севярынец нядаўна быў абраны кіраўніком Арганізацыйнага камітэта па святкаванні Дня Волі Беларусі, які мы адзначым 25 сакавіка.
Лідары палітычных партый маюць унікальную экспертызу і досвед і могуць стаць важнымі ўдзельнікамі нашага шырэйшага дэмакратычнага руху. І я вітаю тое, што нашы партыі стварылі гэтую платформу — яна дапаможа нам усім у каардынацыі.
Неўзабаве Каардынацыйная Рада правядзе выбары, і я спадзяюся, што палітычныя партыі прымуць у іх актыўны ўдзел і будуць там прадстаўлены разам з іншымі ініцыятывамі і групамі грамадзянскай супольнасці.
Дарагія сябры,
Мы, як дэмакратычныя сілы, не чакаем, пакуль змены прыйдуць самі. Мы рыхтуем іх і набліжаем.
Сёння, гледзячы на Венесуэлу, Сірыю ці Іран, мы бачым: ніводная дыктатура не вечная. Мы, беларусы, — нармальная, мірная еўрапейская нацыя, якая хоча і заслугоўвае жыць у нармальнай краіне: квітнеючай, дэмакратычнай і прадказальнай. І галоўнае — еўрапейскай.
Беларусы не хочуць быць пагрозай для сваіх суседзяў. Беларусы супраць вайны ва Украіне. Яны не хочуць быць часткай Расіі і паміраць за інтарэсы імперыі. І калі акно магчымасцяў адчыніцца, беларусы зноў дакажуць, якія іх сапраўдныя каштоўнасці.
Беларусы заслугоўваюць нармальнага палітычнага жыцця, як людзі ў любой іншай дэмакратычнай краіне. І ў нас ужо ёсць для гэтага падмурак. У нас ёсць усе стандартныя заходнія палітычныя партыі, якія працягнуць сваю працу ў Беларусі пасля аднаўлення дэмакратыі.
Мы павінны ўмацоўваць нашае грамадства і дэмакратычную альтэрнатыву. Мы працягваем умацоўваць інфраструктуру і суб’ектнасць нашых дэмакратычных сіл. Наш рух адкрыты для ўсіх, хто падзяляе аднолькавыя мэты і каштоўнасці. І я бачу палітычныя партыі як ключавы элемент нашага руху.
Сёння я заклікаю нашых еўрапейскіх калегаў уключаць беларускія партыі ў вашу працу, а таксама дзяліцца з імі вашым досведам. Я рада, што беларускія партыі ўжо супрацоўнічаюць з міжнароднымі партыйнымі арганізацыямі — такімі як Еўрапейская народная партыя (EPP), Кансерватары і рэфармісты, Renew Europe, Зялёныя ці Сацыял-дэмакраты.
Таксама хачу падзякаваць еўрапейскім палітычным сем’ям за запрашэнні на вашы форумы і кангрэсы. Гэта дапамагло нам захаваць беларускую тэму ў фокусе, а таксама пабудаваць важныя саюзы і знайсці новых сяброў. Наступным тыднем я планую прыняць удзел у святкаванні 50-годдзя EPP — віншую з гэтай датай.
Дарагія сябры,
Я вельмі рада, што тэма Беларусі — як і тэма Украіны — аб’ядноўвае Еўропу. Незалежна ад таго, левыя ці правыя, — мы ўсе падзяляем адны і тыя ж каштоўнасці і бачанне Еўропы.
Еўропы, якая свабодная, мірная і квітнеючая. І мы ўсе хочам, каб Беларусь была часткай гэтай Еўропы.
Дзякуй вам.
Жыве Еўропа! Жыве Беларусь!»
