Падчас удзелу ў Сусветным эканамічным форуме Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнткай Генеральнай Асамблеі ААН Аналенай Бербак. Кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета падзякавала прэзідэнтцы за ўсю падтрымку, якую Бербак аказвала ў сваёй папярэдняй ролі міністаркі замежных справаў Германіі, і выказала надзею, што новая пасада дазволіць ёй прыцягнуць больш увагі да гуманітарных пытанняў і парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі.
Беларуская лідарка распавяла пра сітуацыю з вызваленнем палітвязняў, пра бяспекавую сітуацыю, а таксама пра праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы. Яна адзначыла ролю ЗША і ЕС у беларускіх пытаннях і выказала спадзяванне, што яны застануцца на парадку дня ААН.
Святлана Ціханоўская:
«Я заўжды радая сустрэцца і пагаварыць са спадарыняй Бербак. Я вельмі цаню яе працу, рашучасць, актыўнасць і імкненне вырашаць нават самыя складаныя крызісы ў свеце. Генеральная Асамблея ААН — важная пляцоўка для Беларусі, і вельмі важна, каб пытанні, якія хвалююць беларусаў, там абмяркоўваліся і знаходзілі рашэнні».
