Святлана Ціханоўская знаходзіцца ў Вене і бярэ ўдзел у міністэрскай сустрэчы краінаў АБСЕ. Яе запрасіла старшыня АБСЕ, міністарка замежных справаў Фінляндыі Валтонен. Акрамя гэтага, падчас візіту адбылася асобная сесія, прысвечаная Беларусі, дзе выступіла Ціханоўская. Толькі дзве краіны — Украіна і Беларусь — мелі асобныя сайд-івэнты на міністэрскай сустрэчы.
Падчас асноўнай сесіі міністры і прадстаўнікі многіх краінаў выказаліся ў падтрымку дэмакратычнай Беларусі і з асуджэннем дзеянняў рэжыму ў Мінску.
Кая Калас асудзіла падтрымку рэжымам Лукашэнкі расійскай вайны і рэпрэсіі; міністр замежных справаў Нарвегіі прывітаў прысутнасць Ціханоўскай і заклікаў працягваць падтрымку дэмакратычных сілаў; міністр замежных справаў Люксембурга асудзіў галасаванне Беларусі ў ААН супраць рэзалюцыі па вяртанні ўкраінскіх дзяцей і адзначыў важнасць вызвалення Сяргея Ціханоўскага і ўсіх палітвязняў. Літва асудзіла гібрыдныя атакі Мінска і падкрэсліла неабходнасць падтрымкі дэмакратычных сілаў.
Увесь гэты час у зале прысутнічаў прадстаўнік МЗС Беларусі.
На палях сустрэчы Ціханоўская сустрэлася з міністрамі замежных справаў Люксембурга, Фінляндыі, Германіі, Нарвегіі, Нідэрландаў, Арменіі, а таксама з прэзідэнтам і генеральным сакратаром ПА АБСЕ.
Падчас асобнай сесіі па Беларусі выступілі намеснікі міністраў Літвы, Эстоніі, Чэхіі, амбасадары дзяржаваў АБСЕ, дзяржсакратары Іспаніі і Канады. У групу падтрымкі дэмакратычнай Беларусі ў АБСЕ цяпер уваходзяць 30 краінаў, уключаючы амаль усе краіны ЕС, Нарвегію, Вялікабрытанію, Канаду, Украіну і ЗША.
