29–30 верасня Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у Варшаўскім форуме па бяспецы, які штогод збірае больш за 2500 удзельнікаў з 80 краінаў свету: кіраўнікоў урадаў, прэзідэнтаў, міністраў і экспертаў. Цэнтральнай тэмай форуму стала пытанне захавання адзінства на фоне ўзрастаючай пагрозы з боку Расіі. У форуме ўдзельнічалі: прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск, спецыяльны пасланнік Трампа Кіт Келаг, міністры замежных справаў Францыі, Польшчы, Літвы, Украіны і іншых краінаў.
Ціханоўская выступіла двойчы: у першы дзень — на дыскусіі «Надзея пад ціскам: дэмакратычная барацьба Беларусі» і ў другі — на галоўнай сцэне форуму ў панэлі «Незламаныя: барацьба за дэмакратычны суверэнітэт у варожым асяроддзі».
У сваіх прамовах яна ўзняла пытанні пагрозы суверэнітэту і незалежнасці Беларусі, рызыкі ўцягвання Беларусі ў вайну, неабходнасці вызвалення палітвязняў і падтрымкі рэпрэсаваных, а таксама падтрымкі мабільнасці беларусаў праз спрашчэнне легалізацыі і выдачу візаў. Таксама яна заклікала да падтрымкі незалежных медыя, праваабаронцаў, культурніцкіх праектаў і грамадзянскіх ініцыятываў.
Сярод іншага, на палях форуму Ціханоўская правяла шэраг двухбаковых сустрэч:
– з міністрам замежных справаў Польшчы Радаславам Сікорскім;
– дарадцам прэзідэнта Літвы Кястуцісам Будрысам;
– мэрам Варшавы Рафалам Тшаскоўскім;
– спецыяльным пасланнікам прэзідэнта Трампа Кітам Келагам;
– прэзідэнткай Грузіі Саламэ Зурабішвілі;
– спецыяльнай прадстаўніцай ЕС па правах чалавека Кайсай Олонгрэн;
– ценявой міністаркай замежных спраў Вялікабрытаніі Прыці Патэл;
– Білам Браўдэрам, адным з ініцыятараў «Акту Магніцкага»;
– Міраславам Лайчакам, дарадцам па нацыянальнай бяспецы прэм’ер-міністра Славакіі;
– Сяргеем Лагадзінскім, сустаршынём «Еўранэсту».
Падчас размоваў абмяркоўваліся:
– вынікі вучэнняў «Запад»;
– магчымыя наступствы для Беларусі;
– наступныя крокі па вызваленні палітвязняў з удзелам амерыканскай адміністрацыі;
– падтрымка рэпрэсаваных;
– пагрозы бяспецы;
– магчымыя сцэнары развіцця падзеяў у Беларусі.
Форум даў магчымасць узняць беларускае пытанне высока на міжнародным парадку дня.
Ціханоўская таксама выступіла на нефармальнай сустрэчы для лідараў і ўзяла ўдзел у працоўным ланчы для спікераў форуму. Яна дала інтэрв’ю TVN24, TVP World, Польскаму радыё, Радыё «Тройка», нарвежскаму выданню VG, а таксама Polsat News, Le Devoir, Libération.