Падчас візіту ў Польшчу для ўдзелу ў Варшаўскім форуме па бяспецы Святлана Ціханоўская сустрэлася з новай прадстаўніцай Еўрапейскага саюза па правах чалавека Кайсай Олонгрэн.
Беларуская лідарка ўжо сустракалася з Кайсай Олонгрэн раней, калі тая была міністаркай абароны Нідэрландаў. На мінулых сустрэчах важнымі тэмамі размоваў была падтрымка Украіны і беларускіх добраахвотнікаў.
Падчас новай сустрэчы Ціханоўская і спецпрадстаўніца ЕС абмеркавалі:
- апошнія хвалі вызвалення палітвязняў і магчымасці для іх падтрымкі, а таксама наступныя крокі па вызваленні закладнікаў рэжыму;
- крокі па падтрымцы вызваленых палітвязняў, якіх дэпартуюць з Беларусі і якія апынаюцца ў вельмі ўразлівым становішчы;
- магчымае супрацоўніцтва на пляцоўцы ААН.
Святлана Ціханоўская заклікала:
- распрацаваць на ўзроўні ЕС комплекснае рашэнне, якое датычыцца легалізацыі і дапамогі для тых, хто вызвалены з беларускіх турмаў;
- падтрымаць захаванне абодвух мандатаў ААН па Беларусі: мандата Спецыяльнага дакладчыка і групы незалежных экспертаў.
Асобна беларуская лідарка распавяла пра:
- працу Міжнароднага гуманітарнага фонду;
- дзейнасць Міжнароднай платформы збору доказаў злачынстваў рэжыму і беларускіх праваабаронцаў;
- ініцыятыву Літвы па прыцягненні рэжыму да адказнасці ў Міжнародным крымінальным судзе;
- Ініцыятыву беларускіх праваабаронцаў па прыцягненні рэжыму да адказнасці за парушэнні Канвенцыі ААН аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын.
Разам са Святланай Ціханоўскай у сустрэчы ўдзельнічаў яе муж Сяргей, які распавёў пра свой турэмны досвед, як яго вывозілі з краіны, а таксама пра праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы за мяжой. Ён звярнуў асаблівую ўвагу на сітуацыю з палітвязнямі, якія знаходзяцца ў рэжыме інкамунікада.