• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Прэс-канферэнцыя па выхадзе палітвязняў на волю

    12 верасня, 2025

    Святлана Ціханоўская: «Вітаю ўсіх нашых герояў на волі. Дзякуй, што выстаялі, што вытрымалі. Учора быў вельмі эмацыйны і цяжкі дзень для ўсіх нас. 

    Найперш я хачу падзякаваць прэзідэнту Трампу, Джону Коўлу, Крысу Сміту — дзякуючы ім і іх дыпламатычным намаганням людзі вышлі на свабоду. Прэзідэнт Трамп правільна назваў — гэта вызваленне закладнікаў, і мы цэнім яго асабістую ролю ў гэтым гуманітарным працэсе. 

    Дзякуй Еўрапейскаму саюзу і ўсім краінам, якія ўсе гэтыя гады — прынцыпова і паслядоўна дабіваюцца вызвалення палітвязняў. Гэта вынік нашай супольнай працы. 

    Хачу падзякаваць Літве, якая зрабіла неймавернае — аператыўна прыняла палітвязняў, аформіла дакументы, і дапамагла на мяжы. Мы цэнім і бачым гэтую дапамогу. І канешне, дзякуй усім праваабаронцам і міжнародным партнёрам, якія ўчора хутка адгукнуліся на просьбу аб дапамозе. Міжнародны гуманітарны фонд, Вясна, Краіна для жыцця, Дапамога, BySol, Freedom House, БДПЧ, БАЖ і ўсе партнёры. 

    Мы радыя бачыць людзей на волі. Але давайце называць рэчы сваімі імёнамі. Тое, што адбывалася ўчора — гэта не вызваленне, а прымусовая дэпартацыя. Мы ўсе перажываем за лёс Мікалая Статкевіча, які адмовіўся выязджаць з Беларусі — і меў поўнае на гэта права — цяпер яго месцазнаходжанне невядомае. Яго мужны ўчынак нагадвае мужны ўчынак і Машы Калеснікавай, якая пры спробе дэпартацыі парвала свой пашпарт. 

    Усе вызваленыя павінны мець права — з’ехаць ці застацца. Я ўчора размаўляла пра гэта з амерыканскімі партнёрамі, і мы дабіваемся, каб пры наступных вызваленнях гэта антычалавечная практыка была спыненая. 

    Мы дабіваемся таксама, каб вызваленні суправаджаліся спыненнем рэпрэсіяў. Таму што, на жаль, кожны тыдзень з’яўляюцца новыя палітвязні, а праваабаронцы фіксуюць пашырэнне рэпрэсіяў.

    Безумоўна, усе павінны выйсці на свабоду. І прэзідэнт Трамп задаў планку — усе 1300 палітвязняў. Мы будзем працаваць з амерыканскай адміністрацыяй і ўсімі нашымі саюзнікамі ў Еўропе, каб вызваленні працягваліся. 

    Гэта крок у правільным кірунку і я заклікаю рэжым вызваляць усіх закладнікаў з турмаў. Гэта першы крок да нацыянальнага дыялогу, які нам так патрэбны.

    Цяпер нашая задача — забяспечыць вызваленых дапамогай, юрыдычнай, псіхалагічнай, медычнай. Вырашыць пытанні з легалізацыяй і дакументамі. Таксама літаральна за дзень сабралі 85 тысячаў еўра на падтрымку вызваленых. Я ўражаная гэтай салідарнасцю. Мы працуем з урадамі розных краінаў, каб змабілізаваць дапамогу для рэпрэсаваных, а праз два тыдні мы рыхтуем вялікі кангрэс па палітзняволеных, куды я таксама ўсіх запрашаю далучыцца»

    Апошнія навіны