9 верасня прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск абвясціў пра рашэнне закрыць польска-беларускую мяжу з 12 верасня.
Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы апублікавала рэгламент аб часовым прыпыненні руху праз усе памежныя пераходы з Беларуссю, за выключэннем спецыяльна вызначаных. Падставай сталі палажэнні Закона «Аб абароне Дзяржаўнай мяжы», а таксама двухбаковыя дамовы з Беларуссю ад 1992 года.
Згодна з дакументам, меры ўступаюць у сілу неадкладна і носяць характар папераджальнай абароны. У абгрунтаванні прама паказваецца, што сумесныя расійска-беларускія вайсковыя вучэнні «Захад-2025», запланаваныя на 12–16 верасня, маюць адкрыта антызаходні характар і суправаджаюцца мэтанакіраваным выкарыстаннем міграцыйнага ціску з боку рэжыму Лукашэнкі.
Закрыццё мяжы прызванае: забяспечыць нацыянальную бяспеку Польшчы, узмацніць кантроль над нелегальнай міграцыяй, мінімізаваць рызыку дыверсіяў і іншых гібрыдных пагрозаў, стварыць эканамічны і лагістычны ціск на беларускі рэжым праз абмежаванне гандлю і перамяшчэнняў.
Мы знаходзімся ў пастаянным кантакце з польскімі і міжнароднымі партнёрамі. Інфармацыя пра рэалізацыю гэтых мераў будзе рэгулярна абнаўляцца па меры паступлення даных ад адказных дзяржаўных інстытутаў.
Кіраўнік па прававых пытаннях у Офісе Святланы Ціханоўскай Леанід Марозаў пракаментаваў рашэнне:
«Польшча застаецца надзейным прыстанкам для тысячаў беларусаў і беларусак, якія шукаюць абароны ад рэпрэсіяў. Нам, безумоўна, хацелася б, каб закрыццё памежных пунктаў не закранула тых, хто перасякае мяжу па гуманітарных падставах. Разам з тым пастаянныя выклікі, што ідуць з боку рэжыму Лукашэнкі, уключаючы міграцыйны крызіс, вайсковыя манеўры і пагрозы гібрыдных атак, ствараюць апраўданыя асцярогі для Польшчы. Мы разлічваем, што гэтыя меры будуць часовымі, і працягваем заставацца на сувязі з польскім урадам, каб інфармаваць беларусаў пра далейшыя змены».