Офіс Святланы Ціханоўскай дае практычныя парады, як рэагаваць, калі вы сутыкнуліся з спробай вярбоўкі з боку рэжымных сілаў за межамі краіны.
Што адбылося?
Па даных Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі Літвы, КДБ Беларусі актывізаваў вярбоўку грамадзянаў Беларусі за мяжой: у Літве, Польшчы, Грузіі і іншых краінах. Праз сацыяльныя сеткі і месэнджары ў абмен на інфармацыю прапануюцца грошы, пашпарты, магчымасць бяспечна вярнуцца на Радзіму. Пры адмове людзі сутыкаюцца з пагрозамі і ціскам у свой адрас, а таксама ў адрас блізкіх, што жывуць у Беларусі. Таксама рэжым выкарыстоўвае аб’явы пра «лёгкі заробак» і іншыя метады для збору інфармацыі ці дэстабілізацыі дыяспары.
Нагадаем агульныя правілы бяспекі:
- Не рэагаваць на падазроныя прапановы працы, асабліва звязаныя з арганізацыяй мерапрыемстваў і акцыяў пратэсту ці з нанясеннем надпісаў на будынкі.
- Ігнараваць прапановы супрацоўніцтва або дапамогі ад акаўнтаў ці асобаў, якія звязваюцца па-за афіцыйнымі каналамі дэмакратычных сілаў.
- Ігнараваць прапановы атрымаць пашпарт «Новай Беларусі» ці іншыя льготныя схемы ад старонніх асобаў.
- Не перадаваць інфармацыю групам або асобам, якія заяўляюць, што звязаныя з беларускімі спецслужбамі. Любыя персанальныя або палітычныя даныя могуць быць выкарыстаныя супраць вас і вашай сям’і. Больш за тое, такое супрацоўніцтва відавочна незаконнае ў краіне вашага знаходжання і можа мець сур’ёзныя наступствы — ажно да крымінальнай адказнасці і дэпартацыі.
Калі кантакт ужо ўсталяваны:
- Не пагаджацца на супрацоўніцтва і не перадаваць ніякіх звестак.
- Пры пагрозах або ціску звяртацца ў мясцовыя праваахоўныя органы і спецыяльныя службы.
Бяспека ў інтэрнэце:
-
- Правяраць крыніцы інфармацыі і кантактаў;
- Не пераходзіць па сумнеўных спасылках;
- Не спампоўваць файлы ад незнаёмых адпраўнікоў;
- Не заходзіць на сайты, якія імітуюць дэмакратычныя праекты (напрыклад, пад выглядам «Новай Беларусі») для збору даных.
- Карыстацца бяспечнымі каналамі сувязі.
Леанід Марозаў, дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях:
«Офіс Святланы Ціханоўскай заклікае беларусаў за мяжой быць уважлівымі, захоўваць салідарнасць і паведамляць пра любыя спробы вербавання ў праваахоўныя органы краінаў, дзе вы знаходзіцеся».