Сёння Святлана Ціханоўская на запрашэнне кіраўніцтва Харватыі ўзяла ўдзел у Dubrovnik Forum — міжнароднай канферэнцыі, арганізаванай Міністэрствам замежных справаў. Форум сабраў больш за 400 прадстаўнікоў урадаў, дыпламатаў і экспертаў. Сярод выступоўцаў – міністар замежных справаў Украіны Андрэй Сібіга, кіраўнік міністэрства замежных справаў Італіі Антоніа Таяні, прэм’ер-міністр Балгарыі, амерыканскія кангрсэмены і еўрапарламентары.
Сёлета асноўная тэма гучыць як “Channelling the Change”, а абмеркаванні прысвечаныя аднаўленню краінаў пасля войнаў. У выступе падчас панэлі “SOS: Western Values in Distress?” лідарка падкрэсліла: дэмакратыя патрабуе абароны — ад папулізму, дэзынфармацыі і спробаў дыктатараў выкарыстаць яе ж інструменты супраць дэмакратычных каштоўнасцяў.
📌Пра метады тыранаў
«Лукашэнка калісьці называў Слабадана Мілошавіча братам — і скапіраваў яго метады: трымацца за ўладу любой цаной, кіраваць праз страх, прымушаць людзей маўчаць. Гэта тое, што аб’ядноўвае ўсіх тыранаў: бязмежная прага ўлады і поўная абыякавасць да чалавечай годнасці».
📌Пра маральны падзел у свеце
«Сёння сапраўдны падзел праходзіць не паміж левымі і правымі, а паміж тымі, хто верыць у свабоду, і тымі, хто ўхваляе тыранію. Паміж тымі, хто лічыць правы чалавека неабавязковымі, і тымі, хто ведае, што яны свяшчэнныя. Гэта маральная барацьба».
📌Пра абарону дэмакратыі
«Калі не абараняць дэмакратыю, яна можа абярнуцца супраць вас. Дыктатары навучыліся злоўжываць дэмакратычнымі інструментамі — выбарамі, законамі, свабодамі — каб падрываць гэтыя ж каштоўнасці».
📌Пра спробу дыскрэдытаваць дэмакратыю
«Мэта аўтарытарных рэжымаў — дыскрэдытаваць дэмакратыю, паказаць яе як марудную, слабую, хаатычную. Сказаць: «Глядзіце, дэмакратыя не працуе». Але праўда ў тым, што дэмакратыя працуе — калі мы яе абараняем».