Сёння ў Стакгольме пачаў працу форум «Women Empowerment & Democracy for Belarus Forum 2025» — івэнт, прысвечаны ролі беларускіх жанчын у змаганні за дэмакратыю.
Святлана Ціханоўская выступіла з прывітальнай прамовай, дзе закранула асабісты досвед, выклікі жанчын у палітыцы і заклікала да сапраўднай роўнасці, якая з’яўляецца не замежнай канцэпцыяй, а натуральнай патрэбай беларускага грамадства.
«Быць жанчынай у Беларусі цяжка. Быць жанчынай у палітыцы яшчэ цяжэй — ведаю гэта з уласнага досведу. Справа не толькі ў пастаянным ціску і выкліках. Справа яшчэ і ў тым, што эксперты называюць «сіндромам самазванца» — адчуванні, што ты ніколі не робіш дастаткова. Аўтарытарны рэжым і сістэма адукацыі вучаць людзей, асабліва жанчын, маўчаць. Не высоўвацца. Не выдзяляцца.
Мы ўсе чулі бясконцую колькасць разоў: «Месца жанчыны — на кухні». Я нічога не маю супраць кухні. Але я ведаю, што жанчыны здольныя на значна большае — асабліва калі мы трымаемся разам.
Мы хочам пабудаваць Беларусь, дзе жанчыны лідыруюць, прымаюць рашэнні і вызначаюць будучыню. Пашырэнне правоў і магчымасцяў жанчын — не толькі агульнаеўрапейская каштоўнасць, але і беларуская. Гендарная роўнасць — гэта не чужая ідэя. Яна не «запазычаная» з-за мяжы. Гэта патрабаванне беларускага народа, народжанае беларускім болем і прасунутае беларускімі жанчынамі».