У Вільні прайшла акцыя да Дня салідарнасці з палітзняволенымі. Гэтая дата — гадавіна смерці палітвязня Вітольда Ашурка, якога рэжым давёў да смерці за кратамі.
Удзельнікі і ўдзельніцы акцыі ўшанавалі памяць тых, хто загінуў за кратамі, і выказалі салідарнасць з усімі, хто застаецца ў зняволенні. Напярэдадні акцыі адбыўся сімвалічны забег у падтрымку палітзняволеных. Святлана Ціханоўская далучылася да мерапрыемства і звярнулася да беларусаў:
«Вітольд Ашурак верыў, што перамены хутка настануць — давайце і мы будзем у гэта верыць і змагацца далей. Бо самае простае — гэта паддацца адчаю і скласці рукі. Але мы з вамі не можам сабе дазволіць такой «раскошы». І чым больш мы будзем актыўныя, тым хутчэй яны настануць.
Я хачу звярнуцца да беларусаў у Беларусі. Дарагія, я ведаю, што вам цяжка, але цяпер не час для роспачы. Я ведаю, што вы не верыце прапагандзе, не верыце рэжыму і па-ранейшаму чакаеце пераменаў. І перамены абавязкова прыйдуць. Мы робім для іх і для вызвалення нашых палітвязняў усё магчымае».