Праграма працоўнага візіту беларускай лідаркі ў Парыж пачалася з удзелу ў Саміце штучнага інтэлекту і дэмакратыі, які праходзіць пад патранажам прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона. У межах міжнароднага форуму, дзе сусветныя лідары і эксперты абмяркоўваюць уплыў штучнага інтэлекту на палітыку і грамадства, Святлана Ціханоўская выступіла на панэльнай дыскусіі «AI and Democracy».
Нацыянальная лідарка распавяла пра тое, як аўтарытарны рэжым у Беларусі выкарыстоўвае штучны інтэлект для кантролю і рэпрэсіяў, а таксама як дэмакратычныя актывісты адаптуюць тэхналогіі для барацьбы за свабоду і правы чалавека.
Падчас выступу Святлана Ціханоўская агучыла 5 варыянтаў, як ШІ можа дапамагчы на шляху да дэмакратыі:
1. Абмежаванне доступу для дыктатара
«Забараніце кантэнт рэжыму на вашых платформах: мы павінны быць упэўненыя, што вашыя платформы не будуць ужывацца для прапаганды рэжыму».
2. Інструменты для абароны грамадзянаў
«Беларусам неабходныя тэхналогіі, якія дапамогуць абыходзіць цэнзуру і захоўваць ананімнасць. КДБ сочыць за кожным, таму нам патрэбныя бяспечныя каналы сувязі, VPN-сэрвісы і сістэмы праверкі фактаў».
3. Адукацыйная падтрымка
«Такія гіганты, як Google, Amazon ці Microsoft, маглі б рабіць навучанні ў вобласці ШІ праз грамадзянскія і сацыяльныя праекты».
4. Падтрымка беларускай мовы
«Акупацыйная палітыка Расіі накіравана на русіфікацыю Беларусі, і тэхналагічныя платформы не заўсёды падтрымліваюць беларускую мову. А гэта нашая сакрэтная зброя, і яна павінна жыць».
5. Важнасць сімвалічных крокаў
«Калі рускі сегмент Вікіпедыі афіцыйна змяніў «Белоруссия» на «Беларусь», гэта стала моцнай маральнай падтрымкай беларусаў і нашай незалежнасці».