Падчас свайго візіту ў Ісландыю Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у пленарнай сесіі Паўночнай рады і выступіла з прамовай:
«Паважаная Прэзідэнтка Брындзіс Харальдсдоцір,
Паважаная Генеральная сакратарка Крысціна Хафас,
Паважаныя міністры, члены парламентаў,
Сябры, саюзнікі.
Я радая зноў быць у Ісландыі. Няхай мы знаходзімся за 3 000 кіламетраў ад Беларусі, але я адчуваю сябе тут як дома. Можа быць, Ісландыя і невялікая па плошчы, але яе сэрца моцна б’ецца за свабоду.
Хачу сказаць дзякуй усім нашым скандынаўскім сябрам – Швецыі, Нарвегіі, Даніі, Фінляндыі, Ісландыі, Фарэрам, Аландскім астравам і Грэнландыі.
Вы заўсёды падтрымлівалі нас – нават у змрочныя дні. Вы не толькі казалі пра салідарнасць, але і дэманстравалі яе. Вы верылі ў беларускі народ задоўга да таго, як за ім пачаў сачыць увесь свет.
Калі адбылася Чарнобыльская катастрофа, краіны Паўночнай Еўропы аднымі з першых адправілі гуманітарную дапамогу ў Беларусь. Вы прымалі ў сябе нашых дзяцей. Вы не толькі далі ім пачуццё бяспекі, але і паказалі ім іншы свет. Я сама была такім дзіцем, правяла некалькі летніх месяцаў у Ірландыі і магу з упэўненасцю сказаць, што тады маё жыццё змянілася назаўжды.
Абуджэнне нацыянальнай самасвядомасці ў Беларусі, якое мы назіраем з 2020 года, было б немагчымае без падтрымкі Паўночнай Еўропы, якая доўжылася дзесяцігоддзямі.
Вы падтрымлівалі нашыя незалежныя СМІ і праваабаронцаў, нашыя бізнесы і нашых настаўнікаў, грамадзянскую супольнасць і палітычныя партыі, культурніцкія і зялёныя ініцыятывы.
Вы дапамаглі нам стаць той нацыяй, якой мы з’яўляемся цяпер. Гордай, умелай, працавітай, сціплай і вельмі, вельмі еўрапейскай па сваёй сутнасці.
І беларусы глядзяць на краіны Паўночнай Еўропы як на прыклад. Калі спытаць звычайнага беларуса, на якую краіну вы хочаце, каб Беларусь была падобная, ён хутчэй за ўсё назаве адну з вашых краінаў.
Беларусы лічаць краіны Паўночнай Еўропы грамадствам справядлівасці і ўсеагульнага дабрабыту. «Краінамі для жыцця», як сказаў бы мой муж Сяргей, які знаходзіцца ў зняволенні. Краінамі, дзе паважаюць кожнага, дзе чутны кожны голас. Дзе ўрад служыць народу, а не наадварот.
У траўні, калі ў нас была шведска-беларуская канферэнцыя ў Стакгольме, я спытала шведскіх парламентарыяў: «Чаму вас так хвалюе Беларусь?» Я пачула выразны адказ: таму што мы суседзі!
Насамрэч Беларусь гістарычна з’яўляецца часткай паўночна-балтыйскай прасторы. Можа, у нас і няма агульных межаў, але ў нас ёсць агульныя каштоўнасці. Нашыя культуры перапляталіся на працягу стагоддзяў – праз гандлёвыя шляхі вікінгаў, праз ісландскіх місіянераў, якія першымі хрысцілі нашы землі.
Нават у нашай доўгай і цяжкай барацьбе за незалежнасць вашыя краіны заўсёды былі побач.
Беларусь і краіны Паўночнай Еўропы аб’ядноўвае дух, які не схіляецца перад тыраніяй.
Памятаю, у 2020 годзе, у самым пачатку маёй палітычнай кар’еры, пра якую я нават і не думала, першым замежным лідарам, які наведаў мяне ў Вільні, стала прэм’ер-міністарка Нарвегіі Эрна Сульберг. Нашая сустрэча адбылася ўсяго праз дзень пасля таго, як я вымушана з’ехала з Беларусі.
Самы першы міжнародны відэазванок, які я правяла, быў з кіраўніцтвам Паўночнай рады, і, здаецца, на ім была Одні Хардардоцір. Вы сказалі мне тады, што свет назірае за намі і што свет будзе падтрымліваць нас столькі, колькі нам трэба.
Я памятаю першыя сустрэчы з Брындзіс і тую неверагодную энергію, з якой яна адразу ж пачала выступаць у падтрымку дэмакратычнай Беларусі падчас парламенцкіх сходаў.
Памятаю сустрэчу са спікерам фінскага парламента Юссі Хала-аха, які ўразіў беларусаў сваёй амаль ідэальнай беларускай мовай. Ён сапраўды размаўляе па-беларуску лепш, чым многія лукашэнкаўскія чыноўнікі.
Многія з вас сталі для мяне прыкладамі палітыкаў, і я стала ў вас вучыцца.
Я ўсвядоміла, што калі навокал ёсць людзі, якім не ўсё роўна, то ў палітыцы становіцца магчымым усё.
Тады я і ўявіць сабе не магла, што гэтыя кантакты перарастуць у сапраўднае сяброўства і партнёрства.
Летась, калі тут, у Рэйк’явіку, праходзіў саміт Рады Еўропы, вы, нягледзячы на правілы і працэдуры, запрасілі мяне прыняць у ім удзел, хаця наша краіна не з’яўляецца яго афіцыйным сябрам.
Данія разам з партнёрамі запусціла для збору доказаў злачынстваў Лукашэнкі Міжнародную платформу для Беларусі па прыцягненні да адказнасці. Гэта дазволіць органам правасуддзя прыцягнуць дыктатара да адказнасці. Зусім нядаўна Нарвегія запусціла Міжнародны гуманітарны фонд для ахвяраў рэпрэсіяў у Беларусі, і яе падтрымалі Швецыя, Ісландыя і Данія.
У парламентах вы стварылі групы ў падтрымку дэмакратычнай Беларусі. І вашыя ўрады вырашылі прызначыць спецыяльных пасланнікаў для працы з дэмакратычнай Беларуссю, а не з рэжымам. Гэта даказвае, што вы падзяляеце людзей і дыктатараў. А вашая дапамога Украіне проста неверагодная і заслугоўвае апладысментаў. Дзякуй!
Што робіць краіны Паўночнай Еўропы такімі паспяховымі ў палітыцы – дык гэта вашыя смеласць і гатоўнасць прымаць няпростыя рашэнні, асабліва ў такія няпростыя часы, як нашыя.
І нам як ніколі патрэбная падтрымка вашых краінаў. Нам патрэбны ваш магутны голас, вашая энергія, вашыя спачуванне і салідарнасць. З імі мы завершым тое, што мы пачалі яшчэ ў 2020 годзе.
Нам трэба вярнуць Беларусь у Еўропу, дзе і ёсць яе гістарычнае месца. Нам трэба вызваліць яе з расійскіх кіпцюроў і спыніць гэтае заганнае кола рэпрэсіяў.
У 2020 годзе беларусы выбралі свабоду, а не тыранію. Мы выбралі надзею, а не страх. Мы выбралі Еўропу, а не Расію.
У адказ на гэта рэжым у Беларусі пры падтрымцы Расіі развязаў вайну – вайну супраць нашага ўласнага народа. Тысячы людзей былі заключаныя ў турмы, падвергнутыя катаванням, збітыя – усё за тое, што адважыліся паверыць у свабодную Беларусь.
Сярод іх – мой муж Сяргей. Учора было 600 дзён з таго часу, як я ў апошні раз атрымлівала ад яго весткі. Яго трымаюць без сувязі са знешнім светам. Ні лістоў, ні голаса – ніводнага слова. Я нават не ведаю, ці жывы ён.
Мы таксама не ведаем, што адбываецца з Марыяй Калеснікавай, сімвалам нашых жаночых пратэстаў. Ці з журналістам Ігарам Лосікам, ці з адвакатам Максімам Знакам, асуджаным на 10 гадоў.
У тысячах сем’яў ёсць палітычныя зняволеныя. Паўмільёна чалавек былі вымушаныя пакінуць краіну. Але нават у выгнанні яны не пачуваюцца ў бяспецы. Іх шукаюць праз Інтэрпол, пазбаўляюць пашпартоў, а іх сем’і ў Беларусі часта становяцца закладнікамі КДБ.
Але і цяпер беларусы не здаюцца. Праз вайну і рэпрэсіі пратэсты сышлі ў падполле. Але людзі не змянілі сваёй думкі. Людзі аб’ядноўваюцца ў супольнасці, распаўсюджваюць сумленныя навіны. Нават чыноўнікі ўнутры рэжыму таемна дзеляцца важнай інфармацыяй з грамадскасцю.
У выгнанні мы сфарміравалі альтэрнатыўныя інстытуты ўлады. Гэта Аб’яднаны пераходны кабінет і Каардынацыйная рада, які працуе як протапарламент. У адрозненне ад рэжыму, мы працуем дэмакратычна і празрыста. Мы служым беларусам, якія знаходзяцца як у краіне, так і ў выгнанні.
Неўзабаве мы нават плануем пачаць выпускаць уласныя пашпарты і мы будзем прасіць краіны Паўночнай Еўропы падтрымаць гэтую ініцыятыву.
Многія беларусы адправіліся абараняць Украіну плячом да пляча з украінцамі, і ўжо больш за 40 з іх аддалі свае жыцці. Таму што мы разумеем, што гэта не проста вайна Украіны – гэта нашая агульная вайна за свабоду! І лёсы Беларусі і Украіны пераплеценыя.
Перамога Украіны можа адчыніць акно магчымасцяў і для нас, і нам трэба быць гатовымі да гэтага.
Аднак перамены ў Беларусі могуць наступіць раней, чым многія чакаюць. Гэта б моцна дапамагло Украіне і стала б найлепшай санкцыяй супраць Пуціна. За пераменамі ў Беларусі могуць адбыцца перамены і ў Расіі.
І разам мы можам наблізіць гэтыя перамены. Дапамагаючы нашаму народу. Прыцягваючы Пуціна і Лукашэнку да адказнасці. Мы павінны паказаць беларусам, што існуе альтэрнатыва так званаму «рускаму свету». Мы павінны паказаць, што ў патрэбны момант дзверы Еўропы будуць адчыненыя для нас.
Вядома, Еўрапейскі саюз – гэта нашая канчатковая мэта. Як пісаў наш нобелеўскі лаўрэат і сённяшні палітвязень Алесь Бяляцкі, толькі ў Еўропе нашая незалежнасць і самабытнасць могуць быць у бяспецы, а нашая нацыя – свабодна развівацца.
Але найперш я заклікаю вас уключыць беларусаў у супольнасць краінаў Паўночнай Еўропы і Балтыі. Паглядзіце на дэмакратычную Беларусь як на партнёра, саюзніка, а магчыма, і сябра сваёй супольнасці.
Падтрымка беларускага дэмакратычнага руху – гэта не дабрачыннасць, гэта вашыя інвестыцыі. Свабодная Беларусь – значыць, мацнейшая Еўропа. Значыць, мацнейшая Паўночная Еўропа. Значыць, бяспека, стабільнасць і мір на ўсім кантыненце.
Часта, сустракаючыся з еўрапейскімі палітыкамі, я чую пра стомленасць. Стомленасць ад вайны, стомленасць ад Беларусі, Украіны… І я чую гэта так часта, што часам у мяне ўзнікае «стомленасць ад стомленасці».
Раскажыце пра стомленасць украінскім салдатам, якія паміраюць у халодных акопах. Раскажыце пра стомленасць Паліне Шарэндзе-Панасюк – маці дваіх дзяцей і актывістцы, якая памірае ў лукашэнкаўскай турме. У іх няма права на стомленасць. Няма гэтага права і ў нас.
Каб перамагчы, нам патрэбнае стратэгічнае цярпенне. Але што яшчэ больш важна – нам патрэбная стратэгічная паслядоўнасць. Мы мусім быць цвёрдымі і прынцыповымі. Таму што калі мы адступім, калі мы прададзім нашыя каштоўнасці і мэты дзеля кароткатэрміновых выгод, пацерпіць паразу ўся дэмакратыя.
Цяпер, калі мы гаворым пра магчымыя мірныя перамовы па Украіне, я больш за ўсё баюся, што Беларусь могуць аддаць Пуціну ў якасці суцяшальнага прыза. Таму я прашу вас заклікаць да вываду расійскіх войскаў, уключаючы ядзерную зброю, не толькі з Украіны, але і з Беларусі.
Нам трэба выцягнуць Беларусь з расійскай арбіты. І вярнуць беларусам іх краіну. Толькі тады мы зможам сказаць, што вайна скончылася.
Дарагія сябры,
Сёння, калі мы пачынаем новы раздзел у сяброўстве паміж краінамі Паўночнай Еўропы і Беларуссю, я звяртаюся да вас з прапановамі пра тое, што мы можам зрабіць разам.
Па-першае, уключайце дэмакратычную Беларусь у Паўночную і Паўночна-Балтыйскую супольнасць. Фармалізуйце адносіны з дэмакратычнай Беларуссю. Запрашайце нашых прадстаўнікоў у якасці назіральнікаў на свае пасяджэнні, далучайце нас да сваіх праектаў. Мы хочам вучыцца ў вас і супрацоўнічаць. Забяспечце маладым беларусам стажыроўкі ў вашых офісах, няхай яны вучацца парламентарызму і эфектыўнаму кіраванню. Дапамагайце нам у распрацоўцы рэформаў і новай Канстытуцыі. Далучайцеся да групаў «За дэмакратычную Беларусь» у вашых парламентах, у нас ужо ёсць такія групы ў 24 краінах. Давайце наладжваць сувязі і адносіны і рыхтаваць Беларусь да пераменаў ужо цяпер.
Па-другое, падтрымлівайце нашыя намаганні па вызваленні палітычных зняволеных і дапамогі рэпрэсаваным. Мы павінны трымаць гэтую тэму на парадку дня кожны дзень. Кожны парламентарый можа ўзяць шэфства над адным з іх. Мы павінны паднімаць гэтую тэму ў ААН і АБСЕ і дакладна заяўляць рэжыму: рэпрэсіі павінны быць спыненыя, а палітвязні – вызваленыя. Безумоўна.
Па-трэцяе, ізалюючы рэжым, трэба падтрымліваць народ. І тут я прашу скандынаўскія краіны даць больш стыпендыяў, візаў, абменаў і праграмаў навучання для нашых журналістаў, моладзі і праваабаронцаў. Дапамагайце беларусам, якія ратуюцца ад рэпрэсіяў, з легалізацыяй. Дапамагайце студэнтам вучыцца, а сумленнаму беларускаму бізнесу – працаваць у вашых краінах. Не ўраўноўвайце беларускі народ і рэжым. Павялічвайце дапамогу нашай грамадзянскай супольнасці і арганізацыям.
Давайце ўмацоўваць наша культурнае супрацоўніцтва. Давайце паказваць нашыя гістарычныя сувязі і путы, перакладаць літаратуру адно аднаго, нанова адкрываць для сябе музыку і кіно. Адзіны незалежны кінафестываль, які праіснаваў у Беларусі да 2020 года, а цяпер знаходзіцца ў выгнанні, называецца Паўночнае ззянне – гэта фестываль фільмаў паўночных краінаў, перакладзеных на беларускую мову. Такія праекты не толькі злучаюць нашыя народы, але і ўмацоўваюць беларускую мову і нацыянальную ідэнтычнасць, якія падвяргаюцца нападкам з боку Расіі.
Па-чацвёртае, нам трэба прыцягваць рэжым да адказнасці. Трэба забяспечыць правасуддзе над вінаватымі ў злачынствах супраць чалавечнасці, у злачынствах супраць Украіны. Падтрымайце зварот Літвы ў Міжнародны крымінальны суд супраць рэжыму Лукашэнкі. Трэба ўвесці пакет санкцыяў за парушэнні правоў чалавека супраць суддзяў, пракурораў, сілавікоў і прапагандыстаў. За вайну было шмат санкцыяў, а за зверствы супраць беларускага народа – так мала. Ніводнае злачынства не павінна застацца беспакараным.
І па-пятае, нельга дазволіць дыктатарам збіць нас з панталыку. У наступным годзе дыктатар зноў прызначыць сябе «прэзідэнтам». Мы павінны прызнаць так званыя выбары фарсам. Мы павінны дэмантаваць злачынны рэжым і запатрабаваць сапраўдных, свабодных і справядлівых выбараў, якіх сапраўды заслугоўвае беларускі народ.
Нельга даць Пуціну запалохаць нас ядзернай зброяй ці паўночнакарэйскімі салдатамі. Украіне трэба даць усё неабходнае для перамогі ў гэтай вайне.
Бо дыктатары заўсёды разглядаюць любое ваганне, любое прамаруджванне як слабасць дэмакратыі. І яны не проста назіраюць – яны выкарыстоўваюць гэтую слабасць, каб падарваць наша адзінства і рашучасць.
Мы павінны зразумець адну простую рэч: дыктатары не спыняцца, пакуль іх не спынім мы. Таму што тыранія нібы рак: яна так і будзе расці, калі не выдаліць яе цалкам. Калі застанецца хаця б адна ракавая клетка – яна вернецца са смяротнымі наступствам. Мы павінны змагацца з ракам тыраніі, а не ісці на кампраміс з ім.
Для людзей, якія жывуць пры дэмакратыі, дэмакратыя часта падобная да паветра. Толькі калі губляеш яе, пачынаеш задыхацца. Многія, асабліва маладыя людзі на Захадзе, успрымаюць дэмакратыю, свабодныя выбары, незалежныя суды як нешта, што само сабой разумеецца.
Тут я хачу звярнуцца да Моладзевай рады Паўночных краінаў. Няхай Беларусь служыць вам прыкладам, калі вы тлумачыце каштоўнасць дэмакратыі ў вашых краінах, каб людзі шанавалі яе і абаранялі яе, калі гэта неабходна.
Як народы Паўночнай Еўропы, вы ведаеце са сваёй гісторыі, што свабоду лёгка страціць і вельмі цяжка вярнуць.
Паважаныя члены Паўночнай рады,
Я разумею, што перамены ў Беларусі – гэта задача саміх беларусаў. Але нашую барацьбу за свабоду не выйграць у адзіночку. У ёй патрэбная мужнасць, у ёй патрэбныя саюзнікі. І многія з іх знаходзяцца ў гэтай зале.
Краіны Паўночнай Еўропы заўсёды шанавалі смеласць. Я жадаю вам быць смелымі – і ў рашэннях, і ва ўчынках.
Шмат гадоў таму вы праклалі шлях да свабоды для краінаў Балтыі. Цяпер вы можаце пракласці шлях да свабоды для беларусаў і ўкраінцаў.
Давайце захоўваць адзінства. Давайце абараняць нашыя каштоўнасці. Давайце ўвасабляць у жыццё мару пра мірную, квітнеючую і дэмакратычную Еўропу.
Беларусь – важная частка гісторыі Еўропы і, магчыма, яшчэ больш важная частка яе будучыні. Давайце аб’яднаем нашыя намаганні, каб пабудаваць гэтую будучыню разам.
Жыве Беларусь! Жыве Еўропа!
Дзякуй!»