Падчас працоўнага візіту ў Германію Святлана Ціханоўская сустрэлася з прадстаўнікамі беларускай дыяспары «Разам» у Берліне – найбуйнейшым прадстаўніцтвам інтарэсаў беларусаў, якія жывуць у Германіі.
На чым лідарка зрабіла акцэнт падчас сустрэчы?
Роля дыяспараў
«Сёння ўнутры Беларусі практычна няма прасторы для грамадскай дзейнасці. І нашая задача – тых, хто за мяжой, – працягваць і вяртаць Беларусь на парадак дня. Хачу сказаць, што ў вас адна з самых жывых і самых актыўных беларускіх суполак».
Важнасць працягваць змагацца і браць на сябе адказнасць
«Дарагія, не заставайцеся пасіўнымі, аб’ядноўвайцеся і бярыце ініцыятыву ў свае рукі. Не бойцеся грукацца ў дзверы да мясцовых палітыкаў і адвакатаваць свае інтарэсы. Калі вы расказваеце ў медыя пра нашую барацьбу, пра палітзняволеных, пра праблемы ў выгнанні – гэта выкліча рэакцыю і ў палітыкаў. Бо калі няма Беларусі ў медыя – няма і ў палітыцы».
Праблемы легалізацыі і іх вырашэнне
«Нельга і абмінаць увагай праблемы, звязаныя з легалізацыяй беларусаў і атрыманнем пашпартоў. Мы хочам, каб прадстаўнікі МЗС, МУС, Мінюста, Міграцыйнай службы і дыяспары стварылі працоўную групу па Беларусі. Каб не патрабавалі ад беларусаў апастыляў на дыпломах, розных пасведчаннях і даведках».
Святлана Ціханоўская: «Для мяне вельмі важна сустракацца з беларусамі. Абняцца, паглядзець адно аднаму ў вочы, падзяліцца праблемамі, падтрымаць. Гэта дапамагае адчуць і зразумець, з чым сутыкаюцца ў замежжы нашыя людзі, каб вырашаць іх праблемы на вышэйшым узроўні. І я ганаруся тым, што вы знаходзіце час не толькі каб абмеркаваць праблемы, але і робіце ўсё для іх вырашэння».