Святлана Ціханоўская: «Сёння роўна 1500 дзён з таго моманту, калі мы зразумелі – нас вельмі шмат. Шмат тых, хто гатовы змагацца за свабоду і будучыню нашай Беларусі. Часам здаецца, што гэтыя 1500 дзён былі толькі пра боль, пакуты і страты. І сапраўды, гэта быў вельмі цяжкі для беларусаў час. Але мы знайшлі тое, што ўжо ніколі не страцім. Мы навучыліся быць разам і падтрымліваць адно аднаго. Мы даведаліся, што салідарнасць сапраўды ратуе. Мы ўбачылі, што менавіта разам мы здольныя зрабіць нашмат больш, чым калісьці здавалася.
Кожны дзень нашага змагання – гэта дзень барацьбы за тых, хто цяпер у турмах. За тых, чые жыцці разбураныя, хто перажыў катаванні і цяпер вучыцца жыць нанова. За кожнай такой гісторыяй – лёсы, якія змяніліся назаўжды.
Свабодная Беларусь жыве ў кожным, хто не застаўся абыякавым. У кожным, хто працягвае змагацца і ўнутры краіны, і за яе межамі. І самае галоўнае: вольная Беларусь жыве ў кожным нашым кроку на гэтым шляху да свабоды».