Дэлегацыя чэшскіх сенатараў на чале з кіраўніком камітэта па замежных адносінах Паўлам Фішарам наведалі Офіс Святланы Ціханоўскай у Вільні. Удзел у сустрэчы таксама бралі дарадца па міжпарламенцкаму супрацоўніцтву Анатоль Лябедзька, кіраўніца Офіса дэмакратычных сілаў у Чэшскай Рэспубліцы Крысціна Шыянок, прадстаўнікі амбасады Чэхіі ў Вільні.
Ціханоўская падзякавала чэшскаму Сенату за цвёрдую пазіцыю ў дачыненні Беларусі, за прынятую рэзалюцыю ў падтрымку мабільнасці беларусаў і грамадзянскай супольнасці, а таксама падтрымку Кангрэсу па палітвязнях, які адбыўся напрыканцы траўня ў Празе. Беларуская лідарка выказала спадзяванне, што Чэхія будзе раздзяляць беларускі народ і рэжым. З аднаго боку падтрымліваць рэпрэсавных грамадзян, беларускія грамадскія, культурныя і медыяініцыятывы, выдаваць візы беларусам. З іншага боку – закрываць лазейкі ў санкцыях, якімі карыстаецца рэжым.
Анатоль Лябедзька прапанаваў чэшскім сенатарам правесці прававую экспертызу праектаў Канстытуцыі і законаў для новай Беларусі. Павел Фішар ухваліў гэтую ідэю і з прыязню адзначыў, што дэмакратычныя сілы ўжо сёння, актыўна працуюць над візіяй новай Беларусі.