• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Тэрміновая рэзалюцыя Еўрапарламента па Беларусі, прэзентацыя дарожнай мапы па рэфармаванні сярэдняй адукацыі. Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай за 5-11 лютага 2024

    11 лютага, 2024

    СУСТРЭЧА З БЕЛАРУСКІМІ АРГАНІЗАЦЫЯМІ ЛІТВЫ. 8 лютага Святлана Ціханоўская сустрэлася з прадстаўнікамі 12 беларускіх арганізацыяў і ініцыятываў у Літве. Падчас сустрэчы ўдзельнікі абмеркавалі шляхі для паляпшэння літоўска-беларускіх адносінаў, арганізацыю супольных мерапрыемстваў і акцыяў, супрацоўніцтва з літоўскімі медыя, праблемы з легалізацыяй беларусаў, а таксама праблемы з бяспекай беларусаў за мяжой. 

    ПАДТРЫМКА БЕЛАРУСКІХ БЛОГЕРАЎ. 6 лютага Ціханоўская сустрэлася з беларускімі незалежнымі блогерамі і медыя. Абмеркавалі супрацоўніцтва з тэхналагічнымі кампаніямі, дамовіліся арганізаваць трэнінгі для блогераў ад Google і іншых кампаніяў. Блогеры звярнулі ўвагу на праблемы з прасоўваннем беларускамоўнага кантэнту на платформе Youtube, а таксама крытычную сітуацыю з фінансаваннем.

    СУПРАЦОЎНІЦТВА З ПРАФСАЮЗАМІ І ПРАВААБАРОНЦАМІ. Цягам тыдня Офіс Святланы Ціханоўскай правёў кансультацыі з прадстаўнікамі незалежных беларускіх прафсаюзаў і праваабаронцамі. З прафсаюзамі абмяркоўвалі супольныя дзеянні па імплементацыі рэзалюцыі Міжнароднай арганізацыі працы, і адвакатаванні інтарэсаў рэпрэсаваных рабочых на міжнароднай арэне перад канферэнцыяй МАП. З праваабаронцамі ўзгаднілі крокі па прасоўванні рэзалюцыі ў Радзе па правах чалавека ААН, якая пачынае сваю працу напрыканцы лютага 2024. Таксама адбылася сустрэча з кіраўніцтвам Міжнароднай платформы збору доказаў злачынстваў рэжыму, дзе абмяркоўвалі прагрэс у справе адкрыцця справаў па ўніверсальнай юрысдыкцыі.

    АДУКАЦЫЯ. Па ініцыятыве Офіса Святланы Ціханоўскай і пры ўдзеле Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, беларускія эксперты ў галіне сярэдняй адукацыі Прэзентавалі праект дарожнай мапы рэформаў у галіне сярэдняй адукацыі. Мэта мапы – забяспечыць стабільную працу і эфектыўную трансфармацыю сістэмы школьнай адукацыі пасля дэмакратычнага транзіту ўлады ў краіне.

    Дарадца па моладзевай палітыцы і студэнцтву Маргарыта Ворыхава звярнулася да беларусаў з нагоды ўвядзення ў школах новага патрыятычнага факультатыва «Мая Радзіма» для вучняў 5-7 класаў: «Гэтая ініцыятыва – пагроза інтэлектуальнай свабодзе нашай моладзі. Рэжым Лукашэнкі імкнецца выкарыстаць гэты факультатыў як сродак ідэалагічнага выхавання, выдаючы яго за ініцыятыву па развіцці грамадзянска-патрыятычных каштоўнасцяў».

    ЛЕГАЛІЗАЦЫЯ БЕЛАРУСАЎ І ПРАВАВЫЯ ПЫТАННІ. Юрыдычная каманда Офіса распрацавала набор рэкамендацыяў пра тое, як беларусам паводзіць сябе ў сітуацыі, калі іх прызналі пагрозай нацыянальнай бяспецы ў той ці іншай еўрапейскай краіне. Таксама ў Польшчы праводзяцца кансультацыі з Міністэрствам унутраных справаў, каб спрасціць працэс легалізацыі беларусаў у Польшчы. За два гады сумеснай працы з польскім бокам працоўная група дамаглася зменаў у шэрагу міграцыйных працэдураў.

    БЕЗВЫБАРЫ. Дэмакратычныя сілы працягваюць інфармацыйную кампанію супраць так званага «Адзінага дня галасавання» 25 лютага. Мэта кампаніі – дабіцца міжнароднага непрызнання выбараў, а таксама зменшыць яўку. Святлана Ціханоўская патлумачыла, чаму «Адзіны дзень галасавання» з’яўляецца толькі імітацыяй выбараў: «У Беларусі палітычнае поле зачышчанае. Лідары палітычных партыяў – у турмах, няма свабодных медыя, усе НДА ліквідаваныя. Так званыя «выбары» патрэбныя толькі для самога Лукашэнкі – каб легітымізаваць сябе ў вачах ягонага бліжэйшага атачэння. Гэта не тое, дзеля чаго людзі павінныя ахвяраваць жыццямі ці свабодай».

    Дарадца Святланы Ціханоўскай Анатоль Лябедзька заклікаў не ўдзельнічаць у фарсе: «У краінах, дзе ёсць выбары, выбарчыя камісіі фармуюцца як з прыхільнікаў улады, так і з апанентаў. Узаемны кантроль дазваляе пазбягаць фальсіфікацыяў. А хто будзе лічыць галасы ў лютым? Сярод 57 233 чальцоў выбарчых камісіяў – ніводнага прадстаўніка апазіцыі. Што рабіць? Не ўдзельнічаць, не галасаваць, не легітымізаваць».

    РЭЗАЛЮЦЫЯ ЕЎРАПАРЛАМЕНТА ПА БЕЛАРУСІ. 8 лютага Еўрапейскі Парламент прыняў тэрміновую рэзалюцыю па Беларусі з нагоды масавых рэпрэсіяў у дачыненні да былых палітвязняў і іх сваякоў, а таксама «справы аналітыкаў». Рэзалюцыя патрабуе ад рэжыму спыніць рэпрэсіі і здзекі над людзьмі, а ад міжнароднай супольнасці – увесці санкцыі супраць памагатых дыктатуры. 

    САЛІДАРНАСЦЬ З ПАЛІТВЯЗНЯМІ. У гадавіну знаходжання палітыка Мікалая Статкевіча ў рэжыме інкамунікада Святлана Ціханоўская далучылася да міжнароднай кампаніі падтрымкі «Пакажыце Статкевіча!»: «Я заклікаю ўсіх нашых міжнародных партнёраў: медыя, палітыкаў, актывістаў – патрабуйце ад рэжыму паказаць Мікалая Статкевіча. Аказвайце максімальны ціск на рэжым. Нам трэба давесці, што ніякае злачынства не застанецца беспакараным – і за яго трэба будзе несці адказнасць».

    У картках каманда Офіса распавяла пра міжнародную праграму падтрымкі палітвязняў, арганізаваную праваабарончымі арганізацыямі «Ліберэка» і «Вясна», а таксама пра тое, хто такія «хросныя» і як яны дапамагаюць палітзняволеным.

    РЭАКЦЫЯ НА ПЛАНЫ ПА ЗАКРЫЦЦІ МЯЖЫ. Беларуская лідарка пракаментавала планы Камітэта па нацыянальнай бяспецы Літвы па закрыцці яшчэ двух пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю: «Мы разумеем асцярогі службаў бяспекі Літвы, але закрыццё пагранпераходаў для пасажыраў – гэта лячэнне сімптомаў, а не прычынаў праблемы. Канешне, сярод тых, хто прыязджае, могуць быць і памагатыя рэжыму. Давайце іх выяўляць. Можна перагледзець сістэму праверак, і мы гатовы ў гэтым дапамагаць. Ізаляваць трэба Лукашэнку і ягоны рэжым, а не беларусаў. Абмяжоўваць трэба грузаперавозкі, і ў першую чаргу патокі гандлю падсанкцыйных тавараў. А пасажырскія зносіны неабходна захаваць».

    МЕДЫЯ. Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю Le Monde (Францыя), La Stampa (Італія), H-und-G.info (Германія), Delfi (Літва), LRT (Літва), Позiрк (Беларусь), Радыё Рацыя (1, 2) (Беларусь), БелСАТ (1, 2) (Беларусь), Iran TV Independent (Іран, Міжнароднае).

    Апошнія навіны