• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім

    26 мая, 2026

    26 траўня ў Кіеве Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. У сустрэчы бралі ўдзел міністр замежных справаў Украіны Андрэй Сібіга, першы намеснік кіраўніка Офіса прэзідэнта Сяргей Кісліца і намеснік кіраўніка Офіса прэзідэнта Ігар Жоўква.

    Разам з Ціханоўскай удзел у сустрэчы бралі намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінету Павел Латушка, а таксама дарадцы Дзяніс Кучынскі і Франак Вячорка.

    Святлана Ціханоўская падзякавала прэзідэнту Зяленскаму за запрашэнне ў Кіеў і сустрэчу, а таксама за падтрымку беларусаў, якія пражываюць ва Украіне, беларускіх уцекачоў і добраахвотнікаў, якія ваююць за Украіну. Яна выказала салідарнасць з украінскім народам у барацьбе супраць расійскай агрэсіі і падкрэсліла важнасць захавання прынцыповай пазіцыі ў адносінах да дыктатур і агрэсараў.

    Святлана Ціханоўская падзякавала прэзідэнту за тое, што Украіна вядзе дыялог з беларускім грамадствам, якое не тоеснае рэжыму. Яна адзначыла, што гэта правільны падыход, на які мусіць арыентавацца ўвесь свет, і што гэта дэманструе лідарства Украіны ў рэгіёне і ў беларускім пытанні.

    Падчас сустрэчы бакі абмеркавалі ваенна-палітычную сітуацыю ў рэгіёне і неабходнасць не дапусціць далейшага ўцягвання Беларусі ў вайну. Асобная ўвага была нададзеная бяспецы на беларуска-ўкраінскай мяжы і пагрозам, якія працягваюць зыходзіць ад рэжыму Лукашэнкі і Расіі.

    Таксама абмеркавалі стварэнне працоўнай каардынацыйнай групы па вырашэнні праблемаў беларусаў ва Украіне — у тым ліку пытанняў легалізацыі, дакументаў і прававога статусу.

    Адной з важных тэм сустрэчы стала падтрымка беларускіх добраахвотнікаў, лёс беларускіх ваеннапалонных, якія ваявалі за Украіну, і магчымасці вызвалення палітвязняў, незаконна асуджаных рэжымам Лукашэнкі за падтрымку Украіны.

    Ціханоўская адзначыла важную ролю Украіны ў дапамозе палітвязням, вызваленым намаганнямі ЗША. Значная частка з іх была эвакуяваная праз Украіну.

    Бакі таксама абмеркавалі супольныя намаганні ў супрацьдзеянні расійскай прапагандзе і русіфікацыі, падтрымку беларускіх і ўкраінскіх культурніцкіх, моўных і адукацыйных ініцыятываў, ды развіццё студэнцкіх і моладзевых абменаў.

    Асобная ўвага была нададзеная пытанням адказнасці рэжыму Лукашэнкі за міжнародныя злачынствы, у тым ліку саўдзел у агрэсіі супраць Украіны, і неабходнасці захавання і ўзмацнення санкцыйнага ціску на рэжым да сістэмных зменаў у Беларусі.

    Ціханоўская заклікала прэзідэнта Зяленскага падтрымаць цвёрдую пазіцыю Еўрасаюза, у прыватнасці Літвы і Польшчы, у дачыненні да рэжыму, каб не дапусціць паслаблення санкцый, у тым ліку ў пытаннях транзіту ўгнаенняў, пакуль у Беларусі не адбудуцца сістэмныя змены і не спыняцца рэпрэсіі.

    Падчас сустрэчы абмеркавалі магчымыя сцэнары развіцця сітуацыі ў Беларусі і перспектывы мірнага дэмакратычнага транзіту дзеля вырашэння палітычнага крызісу, у тым ліку праз Нацыянальны круглы стол.

    Святлана Ціханоўская вітала прызначэнне Яраслава Чарнагора паслом па асаблівых даручэннях па супрацоўніцтве з дэмакратычнымі сіламі Беларусі і адзначыла важнасць запуску сістэмнай каардынацыі паміж Украінай і беларускімі дэмакратычнымі сіламі.

    Гэта ўжо другая сустрэча Святланы Ціханоўскай і Уладзіміра Зяленскага. Першая сустрэча адбылася ў студзені 2026 года ў Вільнюсе.

    Апошнія навіны