Беларуская лідарка выступіла на пленарнай сесіі Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы ў Страсбургу. Святлана Ціханоўская распавяла пра рэальнае становішча ў нашай краіне і ацаніла перспектывы палітычных пераменаў. Ключавыя мэсэджы былі прысвечаныя змаганню беларусаў за свабоду і незалежнасць ва ўмовах дыктатуры.
«Рэжым затрымлівае звычайных грамадзянаў толькі за тое, што яны дасылаюць пасылкі з ежай і адзеннем. Іх арыштоўваюць за падтрымку суайчыннікаў за кратамі. І караюць за тое, што яны адпраўляюць ахвяраванні ва Украіну. У Беларусі салідарнасць – гэта злачынства», – адзначыла лідарка.
Кульмінацыяй выступу стала прапанова Святланы Ціханоўскай па далучэнні будучай дэмакратычнай Беларусі да Рады Еўропы.
«Я прапаную Радзе Еўропы пачаць распрацоўку дарожнай мапы па далучэнні будучай дэмакратычнай Беларусі да Рады Еўропы. Мы можам намеціць неабходныя крокі і рэформы і пачаць працаваць над імі ўжо зараз. Уступленне ў Раду Еўропы стане нашым першым крокам на шляху да Еўрапейскага саюза», – падкрэсліла беларуская лідарка.
Таксама Ціханоўская ўзяла ўдзел у дэбатах, што прайшлі па выніках даклада па Беларусі – яго аўтарам выступіў чалец фінскага парламента і ПАРЕ Кіма Кільюнен. Пасля калектыўнага абмеркавання дэпутаты ПАРЕ прынялі рэзалюцыю па Беларусі.
Варта нагадаць: у траўні 2023 Святлана Ціханоўская заяўляла, што дэмакратычныя сілы Беларусі выступаюць за ўступленне Беларусі ў Раду Еўропы. Рада Еўропы фармалізавала адносіны з дэмакратычнымі сіламі Беларусі праз стварэнне кантактнай групы.