«Учора па Беларусі зноў прайшла хваля вобшукаў і арыштаў. Нават у двухтысячным пасёлку рэжым правёў рэйд і затрымаў 14 невінаватых людзей. Зыходзячы з гэтага выпадку, можна ўявіць колькасць затрыманых па ўсёй краіне… У людзей правяраюць тэлефоны у спробах знайсці фотаздымкі з пратэстаў або падпіскі на «экстрэмісцкія» СМІ. Рэпрэсіі становяцца ўсё больш жорсткімі: цяпер перад затрыманнем у людзей адключаюць мабільную сувязь праз аператара, каб яны не маглі паведаміць блізкім пра арышт.
Для людзей, кінутых дыктатарам за краты, турма дзеліць жыццё на да і пасля. Палітычным зняволеным адмаўляюць у медыцынскай дапамозе, не перадаюць пасылкі з цёплымі рэчамі ці лекамі, з іх здзекуюцца фізічна і псіхалагічна. Нават адміністрацыйны арышт па «палітычных артыкулах» – жахлівыя катаванні. Таму тыя, хто правёў за кратамі хаця б пару месяцаў, змяняюцца да непазнавальнасці. А восем чалавек рэжым наогул давёў да смерці ў турмах…
І ўсё гэта на фоне перадвыбарнай кампаніі і апошняга дня рэгістрацыі кандыдатаў у «прэзідэнты». Лукашэнка спрабуе ўкласці ў свядомасць, што грамадства быццам «перагарнула старонку» і прыняло яго правілы гульні. Але ўчорашнія масавыя затрыманні – паказчык таго, наколькі ён баіцца, што ўсё пойдзе не па яго правілах. Гэта падкрэслівае адно: стабільнасць рэжыму пабудаваная не на даверы, а на прымусе і страху.
У гэты час нам усім асабліва важна трымацца разам. І менавіта цяпло і простыя чалавечыя жэсты даказваюць: што б ні адбывалася – мы ёсць адно ў аднаго».