«Культура – гэта душа кожнага народа. Яна складаецца не з падручнікаў і школьных паездак у музей. Яна складаецца з мудрасці і ўрокаў прадзедаў, дзіцячых казак і міфаў. З гісторыі народа, перададзенай у песнях і адзенні. Культура дапамагае зберагчы сябе ў хутказменлівым свеце. Гэта карані, дзякуючы якім пад нагамі заўсёды застаецца глеба.
Нашая культура – гэта калі разам з сям’ёй робіш пісанкі на Вялікдзень і забываешся пра спрэчкі і непаразуменні. Калі разам з сотнямі беларусаў і беларусак водзіш карагоды на Купалле. Калі трымаеш бабулю за рукі, якія вышылі ўсе ручнікі ў вясковай хаце. Калі чуеш народны спеў, знаёмы з дзяцінства.
І, ведаеце, так добра становіцца на душы, калі ва ўсіх магчымых цяпер сацсетках бачыш беларускае. То відэа ў тыктоку паглядзіш з кавалачкамі падарожжаў па Беларусі пад вершы нашых паэтаў. То «Годна» ў твітары запосціць гісторыю выбітнага беларускага мастака. То пабачыш Кацю Ваданосаву з чарговай захапляльнай гісторыяй пра беларускі народны строй…
Менавіта дзякуючы тым, хто дагэтуль, дзесяцігоддзямі, захоўвае беларушчыну ў сабе і дарыць яе іншым, мы можам быць упэўненыя – Беларусь ніколі не знікне, бо яна ўнікальная, шчырая, багатая на прыгоды, прыгажосць і любоў. Беларусь, якая для кожнага з нас – розная, але заўсёды такая свая. І ніякая дыктатура, ніякі рэжым разам са сваімі памагатымі не адніме ў беларусаў краіны. З яе культурным сусветам, спадчынай, успамінамі і сузор’ямі творчых геніяў.
Беларуская культура – своеасаблівая чырвоная стужка, якая праходзіць праз усіх нас. І пакуль мы аб’яднаныя ёй – Беларусь побач».