«Ужо 29 гадоў як «Вясна» абараняе правы беларусаў. 29 гадоў няспыннай працы дзеля справядлівасці. Увесь гэты час дзясяткі праваабаронцаў былі побач з кожным, хто трапляў у рэпрэсіўныя жорны беларускага рэжыму.
«Вясна» – гэта людзі. Гэта нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, гэта праваабаронца Марфа Рабкова і юрыст Уладзімір Лабковіч, гэта валанцёр Андрэй Чапюк. Гэта тыя, хто распавядае гісторыі палітвязняў, правярае факты, фіксуе парушэнні, вядзе статыстыку, каардынуе дапамогу. І працягвае ўсё гэта рабіць, нават калі іх прызнаюць «экстрэмістамі», сайты блакіруюць, а за працу ў камандзе пагражае турма.
Алесь Бяляцкі казаў:
«Тыя, хто беспадстаўна кідаюць за краты пісьменнікаў, актораў, дзеячаў культуры, парушаюць правы чалавека – разбураюць беларускі народ і дзяржаўны суверэнітэт».
І менавіта праца вясноўцаў і беларускіх праваабаронцаў падкрэслівае, што беларусы маюць правы і што побач заўсёды ёсць тыя, хто заўсёды гатовы іх абараняць. Я вельмі ўдзячная вам, дарагія, за стойкасць і чалавечнасць. За тое, што нягледзячы ні на што яны не пакідаюць людзей сам-насам з бядой».
Фота: Еўрарадыё