СУСТРЭЧА З АЛЕНАЙ МАЎШУК
27 лютага Святлана Ціханоўская сустрэлася з Аленай Маўшук в Офісе ў Вільні.
Нагадаем, што ў 2020 годзе Алену, маці пяцярых дзяцей, затрымалі разам з мужам на акцыі пратэсту, а пасля асудзілі да 6 гадоў турмы і пазбавілі бацькоўскіх правоў. Чатыры з паловай гады жанчына правяла за кратамі, дзе яе не толькі пазбаўлялі перадачаў і магчымасцяў сустрэцца з роднымі, але фізічна і псіхалагічна гвалтавалі. Дзякуючы супольным намаганням прэзідэнта Трампа, дзяржсакратара Рубіа і дзярждэпартамента ЗША, Алену вызвалілі некалькі тыдняў таму разам з журналістам Андрэем Кузнечыкам і грамадзянінам Злучаных Штатаў.
МІЖНАРОДНЫ ДЗЕНЬ САЛІДАРНАСЦІ З БЕЛАРУССЮ
25 сакавіка – Дзень волі, у які запланаваныя акцыі па ўсім свеце.
Святлана Ціханоўская заклікае міжнародную супольнасць прадэманстраваць салідарнасць з беларусамі ў Дзень волі, 25 сакавіка. Гэтая дата азначае абвяшчэнне незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі – адзін з ключавых момантаў у нашай гісторыі.
Для нашага народа ён стаў сімвалам бесперапыннага змагання за волю, незалежнасць і дэмакратыю. У 2025 годзе мы працягваем гэты шлях – баронячы мір у Беларусі і Украіне і супраціўляючыся дыктатуры – і просім усіх сяброў вольнай Беларусі быць з намі.
Салідарнасць можа выглядаць па-рознаму: ад падтрымкі палітзняволеных да дапамогі незалежным медыя ў выгнанні і праваабаронцам. Важнае кожнае дзеянне.
СУСТРЭЧА Ў МІНІСТЭРСТВЕ АДУКАЦЫІ ЛІТВЫ
Дарадца Святланы Ціханоўская па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова і дарадца па моладзі і студэнцтву Маргарыта Ворыхава, а таксама прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета сустрэліся з кіраўніцай Дэпартамента адукацыі Іалантай Навіцкайтэ, дырэктаркай групы па міжнародным супрацоўніцтве Юргай Струмскінэ і іншымі спецыялістамі Міністэрства адукацыі, навукі і спорту Літвы.
Абмеркавалі:
– прыняцце ў Літве новага Закона аб меншасцях і яго ўплыў на дзейнасць школ для нацыянальных меншасцей;
– павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў, якія вядуць заняткі з беларускімі дзецьмі;
– магчымасці інтэграцыі беларускай моладзі ў літоўскую сістэму адукацыі і арганізацыі адпаведных моўных курсаў;
– магчымасці для сумесных праектаў.
ГАДАВІНА ПОЎНАМАШТАБНАЙ ВАЙНЫ
24 лютага – тры гады, як Расія атакавала Украіну. Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў з нагоды трэцяй гадавіны ўварвання: «Расія ўпілася каранямі ў нашую краіну і зрабіла саўдзельнікамі гэтай вайны. Але беларусы не жадаюць такога «паплечніка»: ні ў якасці «старэйшага брата», ні ў якасці крэдытора, ні ў якасці палітычнага партнёра. Мы, беларусы, – самадастатковая нацыя. Мы супраць вайны і імкнёмся выхоўваць дзяцей, якія шануюць мір і волю, а не агароджваюцца ад іншых калючым дротам».
СУСТРЭЧА СА СВЯТЛАНАЙ АЛЕКСІЕВІЧ
Святлана Ціханоўская правяла цёплую сустрэчу са Святланай Алексіевіч, пісьменніцай і Нобелеўскай лаўрэаткай па літаратуры. Падчас размовы суразмоўцы абмеркавалі лёс беларускіх палітвязняў, важнасць жаночага лідарства і салідарнасці. Таксама гаворка ішла пра падтрымку Украіны і значэнне яе перамогі для Беларусі.
Акрамя таго, Ціханоўская ўручыла Алексіевіч Крыж Адраджэння за яе ўклад у беларускую культуру і адданасць інтарэсам народа.
РЭАКЦЫЯ НА З’ЯЎЛЕННЕ РЭЖЫМНЫХ ПАЛІТЫКАЎ НА СЕСІІ РАДЫ ААН ПА ПРАВАХ ЧАЛАВЕКА
Прэс-служба МЗС Беларусі абвясціла пра ўдзел у 58-й сесіі Рады ААН па правах чалавека. У Жэневе міністр Максім Рыжанкоў плануе, сярод іншага, абмеркаваць «актуальныя падыходы» да дзейнасці Рады па правах чалавека, а таксама пазіцыю Беларусі ў пытаннях бяспекі ў рэгіёне і свеце.
Офіс Святланы Ціханоўскай нагадвае:
- Беларусь сістэматычна парушае правы чалавека;
- Незалежныя эксперты ААН пацвярджаюць пагаршэнне палітычных рэпрэсіяў;
- Рэжым Лукашэнкі безумоўна падтрымлівае Расію ў вайне супраць Украіны.
Леанід Марозаў, дарадца Святланы Ціханоўскай па юрыдычных пытаннях:
«У дзень, калі свет узгадвае пачатак вайны, развязанай Расіяй супраць Украіны, і калі беларускі рэжым стаў суагрэсарам у гэтым злачынстве, яго прадстаўнік Рыжанкоў едзе ў Раду ААН па правах чалавека распавядаць пра правы чалавека. Гэтая спроба выкарыстаць міжнародную пляцоўку для апраўдання міжнародных злачынстваў і легітымізацыі рэпрэсіяў – недапушчальная. Рада ААН па правах чалавека павінна быць месцам абароны ахвяраў, а не інструментам дыктатуры».
СУСВЕТНЫ ДЗЕНЬ НЕКАМЕРЦЫЙНЫХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ
27 лютага ў Свеце адзначаецца Дзень некамерцыйных арганізацыяў. Святлана Ціханоўская: «Грамадзянская супольнасць заўсёды была сэрцам Беларусі. Гэта дабрачынцы, якія дапамагаюць тым, хто трапіў у бяду: падтрымліваюць пенсіянераў і людзей з інваліднасцю, прапануюць адукацыйныя магчымасці дзецям і моладзі, абараняюць правы чалавека, развіваюць культуру і адукацыю. Але рэжым паступова, па кавалачку, руйнуе гэтае сэрца: цягам апошніх 4,5 год ліквідавана больш за 1800 арганізацыяў. Тысячы беларусаў пазбаўленыя той жыццёва важнай падтрымкі, якую давалі беларускія ініцыятывы».
АСАБІСТЫЯ РАЗМОВЫ СА СВЯТЛАНАЙ ЦІХАНОЎСКАЙ
28 лютага беларуская лідарка разам з дарадцам па юрыдычных пытаннях Леанідам Марозавым правяла асабістыя размовы з беларусамі і беларускамі свету. Падчас размоваў абмяркоўваліся праблемы юрыдычнага кшталту, а таксама размаўлялі пра працу і выклікі, з якімі сутыкаюцца юрысты Офіса.
РЫЗЫКІ БЕЛАРУСКАЙ ЭКАНОМІКІ
Дарадца Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах Алесь Алехновіч эксклюзіўна распавёў у відэа, што чакае Беларусь пры нязменнасці падыходаў рэжыму Лукашэнкі. Эксперт падкрэсліў: палітычная і эканамічная няўпэўненасць у свеце, рэпрэсіі ўнутры нашай краіны супраць бізнесу і залежнасць ад Расіі штурхаюць да пагаршэння ўзроўню жыцця беларусаў.
МЕДЫЯ
На гэтым тыдні Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю Голос Америки, Nova TV.(Балгарыя), Al Arabiya English (міжнароднае), БелСАТ (Беларусь).