Паколькі законы краіны дазваляюць атрымліваць ВНЖ нават у выпадках, калі нацыянальны пашпарт адсутнічае ці няма магчымасці яго атрымаць, шведская міграцыйная служба дала спецыяльнае тлумачэнне заканадаўства з улікам асаблівасці сітуацыі ў Беларусі.
З дакумента вынікаюць два важныя моманты. Па-першае, Швецыя не будзе патрабаваць дзейных дакументаў і беларускага пашпарта пры легалізацыі для атрымання мясцовых дакументаў. Па-другое, Швецыя не будзе патрабаваць дакументаў, якія патрабуюць вяртання ў Беларусь.
Дарадца Святланы Ціханоўскай па Канстытуцыйнай рэформе і парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька тлумачыць важнасць падзеі: прынцыпова было стварыць прэцэдэнт.
«Калі падчас візіту Святланы Ціханоўскай у Германію Берлін пагадзіўся прызнаваць пратэрмінованыя пашпарты, то лёд крануўся. І зараз улады еўрапейскіх краінаў ідуць насустрач беларусам: альбо праз змену дзейнага заканадаўства, альбо праз дадатковае тлумачэнне існуючых нормаў», – пракаментаваў Лябедзька.