Святлана Ціханоўская працягвае працоўны візіт у Гаагу. Сёння яна выступіла на пасяджэнні Камісіі па замежных справах Нідэрландаў, якая вызначае знешнюю палітыку краіны.
У прамове лідарка распавяла пра штодзённыя рэпрэсіі ў краіне і #бязвыбары2025, а таксама падкрэсліла: нельга класці Беларусь у адзін кошык з Расіяй.
Да таго ж, Ціханоўская агучыла камісіі 5 практычных прапановаў:
1. Не прызнаваць рэжым Лукашэнкі і яго #бязвыбары2025.
«Мы павінны называць рэчы сваімі імёнамі. Лукашэнка – злачынец, які захапіў уладу, і яго нельга прызнаваць. Сцвердзіце гэта рэзалюцыяй».
2. Ціснуць на Лукашэнку і яго набліжаных праз санкцыі і ізаляцыю.
«Заклікайце да вызвалення палітвязняў, спынення рэпрэсіяў і вываду Беларусі з вайны».
3. Падтрымаць Літву ў перадачы справы супраць рэжыму ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе.
«Калі мы атрымаем ордар на арышт Лукашэнкі, гэта будзе моцным ударам па ім, яго рэжыме і пуцінскай Расіі».
4. Павялічыць дапамогу беларускім дэмакратычным сілам і грамадзянскай супольнасці.
«Вы можаце звярнуцца да калегаў з розных міністэрстваў, каб інвеставаць у Еўрапейскі фонд падтрымкі дэмакратыі, MATRA і Фонд правоў чалавека. Разглядайце дапамогу Беларусі як інвестыцыю ў мір і бяспеку ўсяго рэгіёна, а таксама як вашую падтрымку Украіны».
5. Умацаваць міжпарламенцкае супрацоўніцтва.
«Далучайцеся да групы за дэмакратычную Беларусь у парламенце Нідэрландаў. Такія групы ўжо існуюць у 24 краінах, у тым ліку ў Бельгіі і Люксембургу, а таксама ў Еўрапарламенце».