• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Ціханоўская ў Мюнхене: «Ізалюючы дыктатараў, нам нельга ізаляваць народ»

    16 лютага, 2024

    Святлана Ціханоўская ўдзельнічала ў сайд-івене па Беларусі падчас Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, тэма якой — «Беларусь і еўрапейская рэгіянальная бяспека»:

    «Паважаны прафесар Райнэр Лінднэр,

    Шаноўныя ўдзельнікі дыскусіі,

    Дарагія сябры,

    Няма месца лепш, чым Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы, каб абмеркаваць сітуацыю ў Беларусі. Дазвольце мне падзякаваць Мінскаму форуму і яго кіраўніку Райнэру Лінднэру за арганізацыю гэтай надзённай дыскусіі. Дзякуй таксама ISANS за ўдзел у гэтай размове аб бяспецы і будучыні Еўропы.

    Сёння мы ўсе былі шакаваныя навіной аб смерці Навальнага. Гэтая змрочная вестка нагадвае нам, што бяспека, дэмакратыя і правы чалавека ўзаемазвязаныя. Не можа быць бяспекі без чалавечнасці – і наадварот.

    У нас няма сумневаў у тым, хто нясе адказнасць за смерць Навальнага. Яго забіў пуцінскі рэжым. Гэта напамін усяму свету аб тым, што дыктатары не спыняюцца ні перад чым. У іх няма чалавечнасці.

    Дыктатары не спыняцца, пакуль іх не спынім мы.

    Нам страшна за жыцці тысячаў нашых беларускіх палітвязняў. Многія з іх утрымліваюцца пад вартай без сувязі са знешнім светам, і мы не ведаем, ці жывыя яны. Сярод іх мой муж Сяргей, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, Маша Калеснікава і многія іншыя.

    Нам нельга дапусціць новых смерцяў у турмах. Надышоў момант, калі дэмакратычны свет павінен прадэманстраваць не толькі адзінства, але і адвагу. Адказ на зверствы, якія здзяйсняюцца рэжымам Лукашэнкі і Пуціна, павінен быць рашучым.

    Гэты адказ павінен уключаць магутныя санкцыі супраць гэтых рэжымаў, а таксама дапамогу ўсім тым, хто бясстрашна змагаецца з імі. Надышоў час дэмакратыям паказаць свае зубы.

    Нам трэба ізаляваць двух дыктатараў, пазбавіць іх рэсурсаў і прымусіць іх заплаціць за кожнае злачынства, якое яны здзейснілі: супраць украінцаў, супраць беларусаў. Супраць міжнароднага міру і парадку.

    Цяпер час падтрымаць украінцаў у іх барацьбе за свабоду – як і беларусаў. Пакуль мы гаворым, многія з іх змагаюцца за Украіну на палях бітваў. Многія з іх удзельнічаюць у падпольным супраціве ўнутры Беларусі.

    Але ізалюючы дыктатараў, нам нельга ізаляваць народ. Беларусы хочуць бачыць альтэрнатыву «рускаму свету». І такой альтэрнатывай з’яўляецца сяброўства ў Еўрапейскім саюзе і Радзе Еўропы, бо ў Беларусі еўрапейская будучыня.

    Я веру, што змены ў Беларусі могуць паўплываць і на сітуацыю ў Расіі. Бо Беларусь мае стратэгічнае значэнне для вайсковай машыны Пуціна. Але ў той жа час яна з’яўляецца яе самым слабым звяном. Вывесці Беларусь з вайны – значыць парушыць планы Пуціна ў дачыненні да Украіны, а таксама скараціць верагоднасць далейшай агрэсіі супраць заходніх краінаў.

    Беларусь пры Лукашэнку будзе пастаяннай пагрозай еўрапейскай і міжнароднай бяспецы, крыніцай пагрозаў і нестабільнасці. Без дэмакратычнай і свабоднай Беларусі не будзе міру і бяспекі ў Еўропе.

    Таму падтрымка дэмакратычных зменаў у Беларусі – гэта не дабрачыннасць, а інвестыцыі ў бяспеку і мір у Еўропе.

    Дарагія сябры,

    Каб выйграць у гэтай складанай і праведнай барацьбе, нам патрэбныя стратэгія і канкрэтны план дзеянняў. І я спадзяюся пачуць падчас гэтых дыскусіяў канкрэтныя ідэі, якія дапамогуць нам вярнуць Беларусь да дэмакратыі і аднавіць мір у Еўропе.

    Дзякуй».

    Апошнія навіны