З нагоды Міжнароднага жаночага дня Фонд салідарнасці BYSOL сумесна з Асацыяцыяй беларускага бізнесу за мяжой (ABBA) запускае дабрачынны збор сродкаў для беларускіх жанчын-палітвязяняў. Сабраныя сродкі будуць перададзеныя іх сем’ям, якія падтрымліваюць жанчын у зняволенні.
Святлана Ціханоўская: «Сёння не менш за 180 беларусак знаходзяцца за кратамі за свае палітычныя погляды і змаганне за справядлівасць. Сярод іх ёсць і шматдзетныя маці, і пенсіянеркі, і жанчыны з сур’ёзнымі захворваннямі. Іх змяшчаюць у ШІЗА, ім прысуджаюць дадатковыя гады зняволення, катуюць – фізічна і псіхалагічна.
Я не ведаю, што адчувае кожная з гэтых жанчын, але вельмі хачу, каб яны ведалі, што яны не адныя, што пра іх памятаюць і іх падтрымліваюць.
На жаль, спосабаў дапамагчы нашым палітзняволеным зараз няшмат. Але паўдзельнічаць у зборы – якраз адзін з іх.
Таму, дарагія, я прашу вас падтрымаць збор, калі для вас гэта бяспечна. Давайце зробім так, каб беларускі ў зняволенні адчулі нашую падтрымку і клопат».