Дарадца Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах і віцэ-прэзідэнт Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой (ABBA) Алесь Аляхновіч расказаў выданню «Салідарнасць», чаму эканамісты памыліліся і беларуская эканоміка не пайшла на спад пасля пачатку вайны і ўвядзення санкцыяў, а таксама, чаму даход беларусаў будзе толькі памяншацца ў параўнанні з еўрапейскімі краінамі.
📌 «Сведчаннем таго, што не ўсё так добра ў беларускай эканоміцы, з’яўляецца вызваленне палітвязняў. Ідзе заклік да гандлю. Лукашэнка і ўлады маюць разуменне, наколькі крытычным і небяспечным з’яўляецца эканамічная залежнасць ад аднаго партнёра».
📌 «Пасля ўнутрыпалітычнага крызісу, увядзення санкцыяў, ад’езду сотняў тысячаў чалавек патэнцыял беларускай эканомікі скараціўся яшчэ больш. У наступныя гады я бачу рост беларускага ВУП на ўзроўні ўсяго 0,5-1% штогод».
📌 «Ва ўмовах вайны беларускія прадпрыемствы працуюць на расійскі ВПК. Але ўсё гэта часовая з’ява: беларускія тавары з часам заменяць кітайскія. Таму калі ў Беларусі палітычна нічога не зменіцца, то яе эканоміка будзе ўсё больш адставаць».
📌 «Па ўзроўню заробкаў Беларусь ужо стала самай беднай краінай у Еўропе. Ва ўсіх дзяржавах, акрамя ваюючай Украіны, ужо зарабляюць больш. Нават у Малдове сярэдні заробак за 2023 год аказаўся вышэйшым, чым у Беларусі: $680 у Малдове ў параўнанні да $638 у Беларусі».
📌 «У наступныя гады беларусы будуць зарабляць на рубель ці капейку больш, чым сёння, але іх адставанне па даходах ад жыхароў астатніх еўрапейскіх краінаў будзе толькі павялічвацца».