Офіс Святланы Ціханоўскай выказвае поўную падтрымку Андрэю Гнёту ў яго барацьбе за сваю свабоду і годнасць. Справа Андрэя з’яўляецца яскравым прыкладам палітычна матываванага пераследу грамадзянскага актывіста з Беларусі. Андрэй, вядомы сваёй актыўнай пазіцыяй і ўдзелам у мірных пратэстах, быў арыштаваны і незаконна ўтрыманы ўладамі Рэспублікі Сербія.
Сёння, 27 жніўня 2024 года, у Бялградзе адбудзецца чарговае судовае слуханне па справе аб экстрадыцыі Андрэя ў Беларусь. Мы заклікаем улады Сербіі неадкладна вызваліць грамадзяніна Рэспублікі Беларусь Андрэя Гнёта і дазволіць яму свабодна і бесперашкодна пакінуць краіну.
Мы таксама асуджаем любыя дзеянні, накіраваныя на прыгнечанне грамадзянскіх свабод і права на выказванне меркаванняў і ўдзел у мірных сходах. Андрэй Гнёт стаў чарговай ахвярай рэпрэсіўнай сістэмы Беларусі, якая імкнецца здушыць любую праяву іншадумства і грамадзянскай актыўнасці як у Беларусі, так і за яе межамі.
Офіс Святланы Ціханоўскай у чарговы раз заклікае міжнародную супольнасць звярнуць увагу на гэтую справу і садзейнічаць неадкладнаму вызваленню Андрэя Гнёта. Юрыдычная каманда Офіса знаходзіцца ў пастаяннай камунікацыі з дыпламатамі краін Еўрапейскага Саюза і ЗША практычна з моманту затрымання Андрэя Гнёта, а таксама з міжнароднай праваабарончай супольнасцю. Дзякуючы сумесным намаганням грамадзянскай супольнасці Беларусі і дэмакратычных сілаў Андрэй Гнёт быў выключаны са спісу асобаў у вышуку базы Інтэрпол.
Мы таксама выказваем падтрымку сям’і і сябрам Андрэя, якія ў гэты цяжкі час перажываюць за ягоны лёс. Беларускі народ не павінен заставацца сам-насам перад самавольствам і рэпрэсіямі. Толькі салідарнасць і міжнародны ціск могуць дапамагчы спыніць гэтую хвалю гвалту і несправядлівасці.
Святлана Ціханоўская і яе каманда працягнуць змагацца за правы і свабоды кожнага беларуса, за справядлівасць і дэмакратычныя каштоўнасці, якія павінны стаць асновай новай Беларусі.