Беларуская лідарка сустрэлася ў Вільні з амбасадарамі і кіраўнікамі місіяў 25 краінаў, акрэдытаваных у Літве. Ужо традыцыйную сустрэчу з дыпкорпусам арганізавала амбасада Польшчы, якая зараз сташынюе ў Эўразьвязе.
Падчас брыфінгу абмяркоўваліся:
– сітуацыя з беларускімі палітвязнямі і шляхі да іх вызвалення;
– ваенна-палітычнае становішча ў рэгіёне;
– магчымыя перамовы па Украіне;
– падтрымка незалежных медыя;
– праблемы беларусаў у выгнанні.
Святлана Ціханоўская распавяла пра вынікі Мюнхенскай канферэнцыі, Давоскага Форуму, падзялілася планамі дэмакратычных сілаў, і падзякавала дыпламатам і міжнароднай супольнасці за салідарнасць і падтрымку. Беларуская лідарка таксама падзякавала новай адміністрацыі ЗША за спрыянне ў кейсе з вызваленнем палітвязняў.
Вызваленне палітвязняў:
«Мы ўсе чулі дыскусію пра магчымае вызваленне палітычных зняволеных узамен на прыпыненне некаторых амерыканскіх санкцыяў. Тут мы павінны разглядаць санкцыі як інструмент. Калі рэжым сапраўды вызваляе палітвязняў і спыняе рэпрэсіі, то некаторыя амерыканскія санкцыі могуць быць аслабленыя ці прыпыненыя, але не скасаваныя. Калі рэпрэсіі працягнуцца і ўзмацняюцца – санкцыі павінны быць больш жорсткія. Пры гэтым усе еўрапейскія санкцыі ў бягучых умовах мусяць заставацца нязменнымi ».
Бягучыя рэпрэсіі
«На жаль, машына рэпрэсіяў працягвае працаваць – не толькі супраць беларусаў у краіне, але і за яе межамі. Рэжым абірае ў якасці мішэні сем’і тых, хто з’ехаў – у тым ліку сваякоў тых, хто браў удзел у акцыях салідарнасці пасля #бязвыбары2025. Рэжым усё часцей арыштоўвае і замежных грамадзянаў, каб выкарыстаць іх у якасці разменнай манеты. У турмах застаюцца супрацоўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў, грамадзяне шэрагу краінаў. Яны – закладнікі рэжыму».
Пра вынікі бязвыбараў
Што датычыцца так званых «выбараў», я хачу падзякаваць кожнаму з вашых урадаў за непрызнанне гэтага фарсу. Упершыню гэтае непрызнанне адбылося яшчэ да дня выбараў – рэжым Лукашэнкі нават не спрабаваў імітаваць канкурэнцыю ці падлік галасоў. Рэжым не змог сябе легітымізаваць – ні ў вачах беларусаў, ні ў вачах міжнароднай супольнасці. Гэты фарс нічога не змяняе ні для свету, ні для нас. Мы працягваем працаваць дзеля пераменаў у нашай краіне, захавання нашай незалежнасці і абароны інтарэсы беларусаў».
Пра перамовы па Украіне:
«Перамовы датычацца не толькі Украіны. Яны закранаюць увесь рэгіён: Беларусь, Малдову, бяспеку ўсёй Еўропы. Пытанне Беларусі павінна быць уключанае ў абмеркаванні. І калі нас там няма, мы спадзяёмся, што вашыя ўрады і Еўрапейскі Саюз будуць нашым голасам. Менавіта таму мы выступаем за тое, каб Еўрапейскі Саюз быў за перамоўным сталом».