Дарадца Святланы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і студэнцтву Маргарыта Ворыхава пракаментавала ідэю стварэння «адукацыйнага хаба», агучаную Лукашэнкам.
«Ідэя Лукашэнкі, што «беларускія таленты павінны заставацца ў краіне» можа гучаць прывабна на паперы, але мы ўсе ведаем праўду. Як нашай моладзі развівацца ў сістэме, што душыць свабоднае мысленне і інавацыі? Беларусы і беларускі заслугоўваюць больш, чым проста лозунгаў. Яны заслугоўваюць магчымасці самастойна абіраць, дзе і як ім атрымліваць адукацыю. Якім чынам працаўладкоўвацца і будаваць кар’еру. Куды ехаць, каб удасканаліць веды, і якім матэрыялам давяраць, незалежна ад іх ідэалагічнай «вернасці».
Давайце будзем шчырымі – ні гэтыя адцягванні ўвагі, ні абяцанні не зменяць таго, што Беларусь сутыкаецца з беспрэцэдэнтнай хваляй палітычных рэпрэсій. Фокус на знешніх «пагрозах» – гэта дымавая заслона, каб пазбегнуць рашэння рэальных праблем унутры краіны.
Нам не патрэбны чарговы «хаб» ці пустыя абяцанні. Нам трэба адбудаваць краіну з самага базісу, пачынаючы з аднаўлення дэмакратыі, павагі да правоў чалавека і вызвалення ўсіх палітычных зняволеных. Толькі тады мы зможам стварыць Беларусь сапраўды сусветнага ўзроўню – не дзякуючы нейкаму хабу, а дзякуючы прыхільнасці да свабоднай і дэмакратычнай будучыні».
Цалкам каментар глядзіце ў відэа.