Калі вы мяркуеце, што вас можа пераследаваць рэжым, альбо вас ужо пераследуюць, паўстае пытанне – у якіх краінах затрыманне можа мець рызыку выдачы ў Беларусь, а ў якіх – не?
Дысклеймер: важна памятаць, што ніякі падобны спіс не будзе вычарпальным. Краіны-ўдзельніцы Інтэрпола працягваюць прымаць з Беларусі заявы, і мы ведаем пра некалькі выпадкаў затрымання людзей ва ўмоўна-бяспечных краінах. Такія кейсы адзінкавыя, але мы просім вас уважліва ставіцца да ўласнай бяспекі.
Куды ехаць бяспечна?
✅ ЕС (Грэцыя і Кіпр – у «шэрай зоне», пра што чытай ніжэй!), ЗША, Канада, Аўстралія, Нарвегія, Швейцарыя, Вялікабрытанія, Харватыя;
✅ Сінгапур, Новая Зеландыя, Ісландыя.
Куды дакладна не варта ехаць?
Калі беларус трапляе ў вышук у Беларусі, ён трапляе як у базы вышуку СНД, так і, верагодна, у базы Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва – гэтая інфармацыя кантралюецца міністэрствамі ўнутраных справаў гэтых краінаў. Такія базы падтрымліваюць:
❌ Расія, Арменія, Азербайджан;
❌ Казахстан, Кыргызская Рэспубліка, Таджыкістан, Туркменістан, Узбекістан, Пакістан, Індыя, Кітай;
❌ Непрызнаныя тэрыторыі, такія як: Прыднястроўе, Абхазія, Паўночная Асеція, ДНР, ЛНР, Крым.
❌ Венесуэла, Паўночная Карэя, Тайланд, В’етнам, Шры Ланка;
❌ Куба, Лаос, Сірыя, Камбоджа.
Таксама існуе спіс краінаў, наведванне якіх небяспечнае з-за падпісаных двухбаковых пагадненняў з Беларуссю:
❌ Сербія, ААЭ, Тайланд, М’янма, Замбія, Зімбабвэ, Aфганістан, Іран, Ірак
«Шэрая зона»
Шмат краінаў знаходзіцца ў так званай «шэрай зоне». Гэтыя краіны пакуль што не выдаюць людзей у Беларусь, але гэта не значыць, што яны не могуць гэта зрабіць увогуле.
Таксама трэба ўлічваць краіны, якія маюць двухбаковыя пагадненні аб прававой дапамозе з Беларуссю. Такія дамовы, напрыклад, заключаныя са Шры Ланкай, В’етнамам, Турцыяй, Манголіяй, Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікай, Іранам, Сербіяй. Вядуцца перамовы з Індыяй, Ганконгам, Егіптам. Такім чынам у гэтых краін існуе юрыдычная магчымасць экстрадыцыі ў Беларусь.
⬜️ Грузія (у службы дзяржбяспекі Грузіі ёсць дамова аб супрацоўніцтве з КДБ Беларусі);
⬜️ Малдова, Турцыя, Егіпет, Манголія, Марока, Саудаўская Аравія, Мексіка, Катар, Паўднёвая Афрыка, Албанія, Чарнагорыя, Боснія і Герцагавіна, Македонія, Філіпіны, Дамініканская Рэспубліка, Чылі, Сенегал, Кіпр і Грэцыя.
Звяртаем увагу, што ў Беларусі зараз існуе практыка «маскіравання» палітычных крымінальных справаў пад эканамічныя і надалей карыстання сістэмай пошуку Інтэрпол у недабрасумленных мэтах.
Што рабіць, калі вы плануеце ехаць у «шэрыя зоны»?
Самае важнае – да і падчас перасячэння мяжы быць на сувязi з людзьмі, якія могуць паведаміць вашым блізкім ды медыя пра факт затрымання ці пра цяжкасці на мяжы. Варта загадзя мець кантакты структур, у якія вы звернецеся ў складанай сітуацыі, альбо кантакты беларускай супольнасці – калі вам спатрэбіцца дапамога мясцовага адваката.
Беражыце сябе, зычым бяспечных паездак!