Святлана Ціханоўская: «12 лістапада па ўсім свеце ладзіліся акцыі з нагоды міжнароднага Дня салідарнасці з Беларуссю. Мы разам успаміналі Рамана Бандарэнку і тых выбітных людзей, што загінулі за вольную Беларусь. Завязвалі бел-чырвона-белыя стужкі, запальвалі лампадкі і ўздымалі спрадвечны беларускі сцяг.
Дзе б беларусы ні былі: у Літве, Польшчы, Шатландыі, Італіі, Германіі, ЗША, Вялікабрытаніі, Бельгіі, Швецыі ці на Кіпры – мы памятаем. Нават у Беларусі ва ўмовах тэрору і рэпрэсій беларусы паказваюць, што яны не «перагарнулі старонку» і працягваюць змагацца.
Таксама да Дня салідарнасці з нашай краінай далучыліся людзі з усіх куткоў зямнога шара. Яны выказалі падтрымку ўсім беларусам, што імкнуцца да вольнай будучыні. Такая салідарнасць дадае сілаў і матывуе рухацца да перамогі.
Дзякуй кожнаму, хто памятае. Дзякуй, што дапамагаеце адзін аднаму, выходзіце на акцыі, падтрымліваеце зборы, дасылаеце лісты нашым палітвязням і працягваеце быць салідарнымі кожны дзень. Беларусь будзе вольнай – і ніколі не забудзецца на сваіх герояў».