Дасылайце, калі ласка, інфармацыю пра ўсё, што тычыцца адукацыі беларусаў, у наш бяспечны і ананімны чат-бот @eduOST_bot. Паведамляйце нам навіны са сваёй установы адукацыі ці дзяржаўнага ведамства датычна рэпрэсій і розных форм ціску з боку кіраўніцтва, пішыце нам пра факты карупцыі і новыя распараджэнні, якія здаюцца вам неабгрунтаванымі ці нерацыянальнымі. Таксама запрашаем вас дзяліцца сваімі ідэямі і прапановамі па рэфармаванні сістэмы адукацыі.
У нас з'явіўся сайт www.asvetaby.org, дзе можна знайсці ўсе выпускі дайджэсту «Асвета» на беларускай, рускай і англійскай мовах.
Спампаваць дайджэст па пытаннях адукацыі і навыкі магчыма па спасылцы.
- Рэпрэсіі
– Вядомы актыўным удзелам у правядзенні масавых рэпрэсій супраць грамадзян Беларусі экс-кіраўнік ГУБАЗіК Аляксандр Паршын прастрэліў нагу з пісталета 16-гадоваму школьніку, спрабуючы прагнаць яго і яго кампанію ад свайго пад'езда. Юнак ужо перанёс дзве аперацыі, на яго заведзена крымінальная справа па арт. 339 КК (Хуліганства), на яго блізкіх і сведкаў здарэння аказваецца псіхалагічны ціск.
– Філасофа Уладзіміра Мацкевіча прыгаварылі да 5 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Падчас закрытага судовага паседжання суддзя Сяргей Епіхаў прызнаў Уладзіміра вінаватым у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, стварэнні і кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваннем (маецца на ўвазе платформа «Сход») і абразе Аляксандра Лукашэнкі.
– 24 чэрвеня пачаўся суд над 20-гадовай студэнткай-выдатніцай МДУ ім. А.А. Куляшова Данутай Пярэдняй. Дзяўчына была затрыманая 28-га лютага за рэпост публікацыі, у якой асуджаліся агрэсіўныя дзеянні ўладаў Расіі і Беларусі ў дачыненні да Украіны, а таксама змяшчаўся заклік да вулічных выступаў. Верагодна, гэта таксама стала прычынай унясення Дануты супрацоўнікамі КДБ у спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці». Паводле прад'яўленых абвінавачанняў дзяўчыне пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі. Адразу пасля затрымання адміністрацыя ВНУ адлічыла дзяўчыну з універсітэта, нягледзячы на высокую паспяховасць і станоўчыя характарыстыкі педагогаў. 28 чэрвеня Данута прызнана палітзняволенай.
– 22-23 чэрвеня стала вядома адразу аб некалькіх затрыманнях выкладчыкаў і супрацоўнікаў БДУ. З ліку выкладчыкаў Інстытута бізнесу у рамках «расследавання спраў па экстрэмізму» затрыманы старшы выкладчык кафедры бізнес-адміністравання Максім Мароз, таксама затрыманы выкладчык кафедры бізнес-адміністравання Аляксандр Хваль. З ліку супрацоўнікаў іншых факультэтаў затрыманы дацэнт кафедры крымінальнага права юрфака БДУ Дзмітрый Мароз за тое, што нібыта з'яўляўся падпісчыкам «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў, і старэйшая лабарантка біялагічнага факультэта БДУ Алена Саладуха, якой ставіцца ў віну адміністраванне дваровага тэлеграм-чата і падпіска на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы, за што жанчыну маюць намер прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці.
– Суд абавязаў выпускніка Брэсцкага прафесійнага ліцэя будаўнікоў, палітвязня Якава Шафарэнку кампенсаваць ліцэю выдаткі на яго навучанне ў памеры 3605 рублёў, паколькі юнак не зможа адпрацаваць па размеркаванні з-за адбывання 5,5-гадовага тэрміна ў калоніі за ўдзел у акцыях пратэсту.
– 21 чэрвеня быў затрыманы студэнт БДТУ Павел Пагоскі за нібыта размешчанае ў інтэрнэце відэа «непрыстойнага характару». Студэнту прысудзілі 15 сутак адміністратыўнага арышту і 21 чэрвеня адлічылі з універсітэту. Павел вучыўся на 4 курсе факультэта хімічнай тэхналогіі і тэхнікі і 22 чэрвеня мусіў абараняць дыпломную працу.
– У перыяд з 7-га па 22-га чэрвеня (дата ўдакладняецца) быў затрыманы студэнт факультэта камп'ютарных сістэм і сетак БДУ Аляксандр Гаргун. Вядома, што юнак вучыцца на 2-м курсе па спецыяльнасці «Вылічальныя машыны, сістэмы, сеткі».
– Сілавікі затрымалі непаўналетняга школьніка і вымусілі яго запісаць так званае «пакаяльнае відэа». Сцвярджаецца. што школьнік напісаў 604 абразлівых каментароў і 25 жніўня ён будзе дапытаны па шэрагу крымінальных спраў, звязаных з абразамі і распальваннем сацыяльнай варожасці.
– 23 чэрвеня ў Іванава была затрымана былая настаўніца Алена Пуцыковіч. Раней яна была асуджаная да двух гадоў «хатняй хіміі» за рэпосты з інфармацыяй пра міліцыянтаў. Сувязь з ёю знікла пасля таго, як яна пайшла адзначацца ў міліцыю. Алена правяла 5 сутак у ізалятары, пасля чаго была адпушчана з міліцыі.
– У Гродзенскім абласным судзе вынеслі прысуд палітзняволенай, настаўніцы музычнай школы Аксане Каспяровіч. Суд прызнаў яе вінаватай па арт. 130 Крымінальнага кодэкса РБ (Распальванне варожасці ці варожнечы) і прыгаварыў да года і двух месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. З улікам ужо адбытага за кратамі тэрміна Аксана мусіць выйсці на волю праз два тыдні. Яе затрымалі 30 верасня 2021 года за каментар у Інтэрнеце наконт гібелі ІТ-спецыяліста Андрэя Зельцэра.
– Стала вядома аб новых звальненнях у Акадэміі навук Беларусі. З 1 ліпеня звальняецца дырэктар Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАНБ, доктар гістарычных навук Аляксандр Груша. Яго звальняюць нягледзячы на падпісаны паўгады таму новы кантракт. Таксама, верагодна, будуць звольненыя археолагі Мікалай Плавінскі і Вадзім Кошман.
- Палітыка рэжыму
– Міністэрства адукацыі апублікавала правілы паводзін педагогаў у школах, якія санкцыянуюць выкарыстанне адукацыйнага працэсу ў палітычных мэтах рэжыму, парушаюць канстытуцыйнае права педагогаў на свабоду сумлення і супярэчаць адно аднаму: «рэалізоўваць дзяржаўную палітыку ў сферы адукацыі», «быць сумленнымі, шчырымі, справядлівымі».
– Генпракуратура і Міністэрства адукацыі пасля правядзення «глыбокага даследавання» абмеркавалі магчымасць увядзення новага прадмета ў ВНУ, прысвечанага генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
– Кіраўніцтва Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта не адказала журналістам на пытанні аб тым, як праходзіць разбіральніцтва па справе выкладчыка, які, паводле сведчанняў студэнтак, займаецца сэксуальным дамаганнем. Такім чынам, застаецца невядомым, ці будзе ён адхілены ад правядзення заняткаў ці працягне сваю дзейнасць.
– У размове з работніцай агракамбіната «Юбілейны» Аршанскага раёна аб коштах, даступнасці і асартыменце школьнай формы, што распрацоўваецца дзяржавай, Аляксандр Лукашэнка паабяцаў «шмат разнастайнасці» і тое, што асабіста зоймецца гэтым пытаннем.
– 16 чэрвеня ў Палацы незалежнасці на нарадзе з міністрамі адукацыі і аховы здароўя Андрэем Іванцом і Дзмітрыем Піневічам, рэктарам БДУ Андрэем Каралём і дэканам біяфака БДУ Вадзімам Дземідчыкам Аляксандр Лукашэнка заявіў пра сваю занепакоенасць адносна таго, як сёння функцыянуе сістэма Цэнтралізаванага тэсціравання і выказаў меркаванне, што яе трэба будзе рэфармаваць.
- Санкцыі ў дачыненні да Беларусі
– Міністэрства адукацыі Чэхіі прыняла рашэнне, паводле якога некалькі сотняў расейскіх і беларускіх студэнтаў, якія навучаюцца тэхнічным спецыяльнасцям у чэшскіх універсітэтах, будуць вымушаныя спыніць вучобу ці змяніць прадмет. У сваім рашэнні ўлады краіны спасылаюцца на санкцыі, прынятыя Еўрапейскім саюзам у адказ на развязаную Расіяй вайну супраць Украіны. Аднак, паколькі універсітэты ў Чэшскай Рэспубліцы маюць моцную акадэмічную аўтаномію, міністэрства можа толькі рэкамендаваць, з якіх курсаў трэба выключыць расійскіх і беларускіх студэнтаў.
- Грамадзянская супольнасць і адукацыя
– Вядомая выкладчыца італьянскай мовы, былы дацэнт МДЛУ Наталля Дуліна выйшла на волю пасля чарговага адміністрацыйнага арышту і ў вялікім інтэрв'ю распавяла пра слабасць сілавікоў, сілу іроніі, дэталі свайго апошняга затрымання і прычыну, па якой яна не з'язджае з Беларусі: «я лічу, што гэта іх праблема – гэта яны паводзяць сябе бессаромна і подла».
– Сацыёлаг, каардынатарка «Лятучага ўніверсітэта» Таццяна Вадалажская распавяла ў інтэрв'ю пра ўмовы, у якіх яна правяла некалькі месяцаў да суда ў СІЗА, пра сваю рэакцыю на прысуд і пра настроі палітвязняў: «шмат хто з тых, хто далучыўся да руху за перамены ў 2020-м, думалі, што будзе прасцей».
– 16-17 чэрвеня ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (г. Вільнюс) адбылася канферэнцыя «На шляху да рэформы сістэмы адукацыі ў Новай Беларусі», арганізатарамі якой разам з прымаючым бокам выступілі Офіс Святланы Ціханоўскай, праграма «Беларуская адукацыя на шляху перамен», платформа беларускай экспертнай суполкі «Банк Ідэй». У рамках канферэнцыі сваё бачанне сучаснага стану сістэмы адукацыі Беларусі і неабходных для яе рэформ прадставілі эксперты ў галіне адукацыі і прадпрымальніцтва: кандыдат гістарычных навук, прадстаўнік Вольнага прафсаюза БДУ Роза Турарбекава, кандыдат гістарычных навук, эксперт Грамадскага Балонскага камітэта Павел Церашковіч, IT-прадпрымальнік Максім Баграцоў , мастацтвазнаўца, выкладчык ЕГУ Сяргей Харэўскі, кандыдат педагагічных навук, незалежны эксперт па пытаннях адукацыі Святлана Мацкевіч і інш. Запісы выступленняў першага і другога дня канферэнцый апублікаваны на канале «Банк Ідэй. Рэформы для Беларусі».
– Ініцыятыва «Лятучы ўніверсітэт» запрашае прыняць удзел у даследаванні і запоўніць ананімную анкету тых, чыё права на працу было парушана па палітычных матывах у любой форме: звальненне, пазбаўленне ліцэнзіі, страта працы ў сувязі з ліквідацыяй арганізацыі. Мэтай даследавання з'яўляецца максімальна поўная фіксацыя маштабаў і абставінаў палітычна матываваных звальненняў у Беларусі.
- Міжнародныя магчымасці
– Еўрапейскі саюз у рамках праграмы «EU4Belarus: салідарнасць з народам Беларусі» аб'яўляе конкурс на атрыманне стыпендый EU4Belarus – SALT (Support for Advanced Learning and Training) для беларускіх студэнтаў і студэнтак, якія падвергліся рэпрэсіям у Беларусі і паступілі ва ўніверсітэты Літвы, Латвіі, Чэхіі і Польшчы пачынаючы з 2020/21 навучальнага года. Кожнаму са 190 удзельнікаў, якія перамагуць ў рамках праграмы, плануецца выплата стыпендый памерам 450 еўра штомесяц на працягу трох акадэмічных гадоў. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 25 ліпеня 2022 г.
– Цэнтр Усходне-Еўрапейскіх даследаванняў (Eastern Europe Studies Centre) у супрацоўніцтве з Беларускай асацыяцыяй даследчых цэнтраў (BARC) аб'явіў аб конкурсе на атрыманне грантаў для паездкі беларускіх даследчыкаў, вучоных і экспертаў на адну з міжнародных канферэнцый або сустрэч у Еўропе на любую грамадска-палітычную тэму, у якой беларускі погляд можа быць каштоўным і які дазваляе наладзіць кантакты з еўрапейскімі даследчыкамі. Гранты прызначаюцца для тых, хто афіцыйна выступіць з дакладам на мерапрыемстве, і пакрываюць выдаткі на праезд, пражыванне, а таксама ўключаюць ганарар. Мерапрыемства, якое адпавядае крытэрам конкурсу, павінна адбыцца да 1 кастрычніка 2022 года. Заяўкі будуць разглядацца на пастаяннай аснове.
– З верасня 2022 г. Франкафонны цэнтр сацыяльных і гуманітарных навук прапануе новую гадавую адукацыйную праграму, адкрытую для ўсіх франкафонных студэнтаў ЕГУ на бясплатнай аснове. У рамках праграмы будуць выкладацца такія дысцыпліны як метадалогія напісання студэнцкіх прац у французскім універсітэце, агульныя ўводзіны ў права, гісторыя Францыі, гісторыя еўрапейскай інтэграцыі, а таксама французская мова. Вочныя заняткі для тых, хто пражывае ў Вільні, і заняткі ў рэжыме анлайн для тых, хто жыве ў іншых гарадах і краінах, будуць праходзіць па вечарах тры разы на тыдзень. Для навучання неабходна валоданне французскай мовай на ўзроўні не ніжэйшым за А2.
– Цэнтр новых ідэй запрашае грамадскіх актывістаў на цыкл адукацыйных анлайн-лекцый, прысвечаных добраўпарадкаванню гарадоў. Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных арганізацый і грамадскіх ініцыятыў раскажуць удзельнікам мерапрыемства аб тым, як дабівацца сваіх мэтаў пры дапамозе петыцый і кампаній у сацыяльных сетках, як збіраць грошы на падтрымку сваёй ініцыятывы і фарміраваць каманду, як наладжваць узаемаадносіны з іншымі грамадскімі арганізацыямі і беларускімі чыноўнікамі, як граматна планаваць уласную дзейнасць і захоўваць псіхалагічную раўнавагу ва ўмовах выклікаў сучаснасці. Лекцыі будуць чытацца вечарам у перыяд з 9 па 30 ліпеня. Апошні тэрмін падачы заяўкі для ўдзелу – 5 ліпеня 2020 г.