Сёння Святлана Ціханоўская прымае ўдзел у форуме GLOBSEC у Празе — адной з ключавых міжнародных пляцовак па бяспецы і дэмакратыі.
Раніцай яна выступіла з ключавой прамовай на панэлі «Абарона абаронцаў дэмакратыі на перадавой», прысвечанай транснацыянальным рэпрэсіям і абароне актывістаў, журналістаў і дыяспары.
У сваім выступленні Ціханоўская акрэсліла маштаб пагрозы:
«Праблема транснацыянальных рэпрэсіяў расце. Яна больш не абмяжоўваецца адной краінай. Гэта новы выклік для міжнароднай бяспекі. Таму што дыктатуры развіваюцца, і яны вучацца адна ў адной. Яны абменьваюцца тэхналогіямі, метадамі, інструментамі сачэння і тактыкай запалохвання. Яны супрацоўнічаюць на сусветным узроўні супраць дэмакратыі».
Беларуская лідарка падкрэсліла, што нават у эміграцыі беларусы застаюцца пад ціскам:
«Нават уцёкшы ад дыктатуры, вы ўсё роўна можаце быць не ў бяспецы. Нават маючы міжнародную абарону або статус уцекача, вы не ў бяспецы. Рэжым усё роўна можа пагражаць вашай сям’і. Ануляваць ваш пашпарт. Сачыць за вамі. Узламаць ваш тэлефон. Завесці крымінальныя справы. Выкарыстоўваць Інтэрпол супраць вас. Распаўсюджваць прапаганду пра вас. Або нават фізічна атакаваць вас за мяжой».
Таму яна заклікала дэмакратычныя краіны да канкрэтных дзеянняў:
«Па-першае — дэмакратычныя краіны павінны прызнаць транснацыянальны пераслед сур’ёзнай пагрозай бяспецы. Па-другое, нам патрэбная лепшая абарона для журналістаў, актывістаў, палітычных уцекачоў і суполак дыяспары. Па-трэцяе, нам патрэбна больш хуткая легалізацыя і афармленне дакументаў для людзей, якія ўцякаюць ад аўтарытарных рэжымаў. Па-чацвёртае, павінны быць наступствы для вінаватых: санкцыі, крымінальныя расследаванні, забарона на выдачу ім візаў, падсправаздачнасць. Па-пятае, мы павінны пазбавіць дыктатуру доступу да міжнародных механізмаў, такіх як Інтэрпол. І, нарэшце, дэмакратыі павінны супрацоўнічаць значна больш цесна. Таму што дыктатары ўжо робяць гэта».
