«Сёння ноччу Расія зноў нанесла ганебны ўдар па Украіне. У Кіеве і вобласці ракеты і дроны трапілі ў жылыя дамы. Загінулі мірныя людзі. Дзясяткі пацярпелых, сярод іх — дзеці. Гэта чарговая злачынная атака супраць мірнага насельніцтва.
Нельга мірыцца з тым, што ў суседняй краіне зноў і зноў абстрэльваюць гарады, разбураюць дамы, забіваюць людзей у іх уласных кватэрах. Кожны такі ўдар — гэта чарговае пацверджанне: агрэсар не спыніцца сам. Яго можна спыніць толькі адзінствам і рашучасцю міжнароднай супольнасці. Гэта не вайна ў звычайным сэнсе — гэта сістэмны, крымінальны тэрор супраць мірнага насельніцтва. І гэты тэрор падтрымліваецца рэжымам Лукашэнкі, які дае расійскай арміі нашую тэрыторыю і размяшчае на ёй расійскую зброю, у тым ліку ракеты «Арэшнік».
Але беларусы працягваюць цалкам падтрымліваць Украіну. Мы заўсёды будзем на баку людзей, якія абараняюць свае дамы, свае сем’і, сваю свабоду. Мы ведаем, што такое жыць побач з агрэсарам, які не прызнае ні межаў, ні чалавечага жыцця.
Мы захапляемся мужнасцю украінцаў. Тым, як вы трымаецеся пасля кожнага ўдару. Як ратавальнікі і медыкі працуюць пад абстрэламі. Як звычайныя людзі дапамагаюць адно аднаму, нягледзячы ні на што. Гэта — сіла, якую немагчыма зламаць ракетамі.
Мы салідарныя з вамі і верым у вашую перамогу.
Слава Украіне! Жыве Беларусь!»
