«Дазвольце мне выказаць падзяку Оксфардскай абсерваторыі па Беларусі за арганізацыю гэтай дыскусіі і за тое, што дапамагаеце трымаць Беларусь у міжнародным парадку дня.
Я радая бачыць сярод удзельнікаў міністра замежных справаў Эстоніі Урмаса Рэйнсалу.
Паважаны Урмас, ваш асабісты ўдзел у вырашэнні беларускага пытання вельмі шмат значыць для нас. Эстонія як дзяржава праявіла неверагоднае разуменне і салідарнасць не толькі падчас пратэстаў у 2020 годзе, але і на працягу ўсіх гэтых 2,5 гадоў.
Вы дапамаглі рэпрэсаваным беларускім студэнтам працягнуць навучанне ў Эстоніі, і дзякуючы вам голас свабоднай Беларусі быў пачуты на Генеральнай Асамблеі і ў Радзе Бяспекі ААН.
Мы ніколі гэта не забудземся.
Дарагія сябры, калегі,
На жаль, сітуацыя ў Беларусі пагаршаецца. Цяпер мы змагаемся не проста за дэмакратыю, але і за само існаванне нашай краіны. З аднаго боку, рэжым узмацняе палітычныя рэпрэсіі супраць беларускага народа. З іншага боку, расійская акупацыя ўсё больш трапляе ў нашую краіну. На гэты момант у Беларусі дыслакавана 12 тысячаў расійскіх салдатаў. Увесь час прыбываюць новыя войскі і ваенная тэхніка.
Хаця ў Беларусі зараз не адбываецца прамых ваенных сутыкненняў, нашая тэрыторыя выкарыстоўваецца для расійскай агрэсіі супраць Украіны. Лукашэнка ў роспачы працягвае здаваць суверэнітэт Беларусі Расіі ў абмен на палітычную і фінансавую падтрымку. Разглядаць Лукашэнку асобна ад Пуціна ў корані няслушна. Яны ўдвух нясуць поўную адказнасць за ваенныя злачынствы супраць украінцаў і разам адказваюць за прыгнёт беларускага народа.
Між тым вельмі важна адрозніваць злачынны рэжым Лукашэнкі ад беларускага народа, які бясстрашна змагаецца за сваю свабоду і падтрымлівае Украіну. Апытанні паказваюць, што 86% насельніцтва выступаюць супраць удзелу Беларусі ў вайне. Калі Пуцін і Лукашэнка накіруюць беларускія войскі ва Украіну, мы можам чакаць масавага непадпарадкавання, пратэстаў і, магчыма, доўгачаканага расколу сярод элітаў.
Мы бачылі, як грамадства адрэагавала на пачатак вайны. Па ўсёй краіне прайшлі стыхійныя акцыі пратэсту. Людзі сыходзілі з дзяржаўнага апарату і вайсковых структураў. На чыгунках было здзейснена больш за 80 актаў сабатажу. Сотні людзей добраахвотна ўступілі ў шэрагі ўкраінскага войска. З таго часу беларускія батальёны ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях на перадавой.
Маштаб супраціву адбіваецца і на ўзроўні рэпрэсій. Толькі за мінулы год рэжымам было распачата 5000 палітычна матываваных крымінальных справаў. Многія з іх – па факце антываенных пратэстаў. У сярэднім 17 чалавек кожны дзень затрымліваліся. Шмат каму з іх прысудзілі велізарныя турэмныя тэрміны – 5, 10 ці нават 15 гадоў.
Турмы ў Беларусі – катавальныя камеры. Палітвязняў зневажаюць, пазбаўляюць спатканняў з роднымі і тэлефонных званкоў, медыцынскай дапамогі і сустрэчаў са святарамі. Навошта? Каб знішчыць людзей маральна і фізічна. Ні для жанчынаў, ні для непаўнагадовых і пажылых людзей выключэнняў не робіцца. Найменш чым 25 зняволеных знаходзяцца ў крытычным стане і маюць патрэбу ў неадкладным лячэнні.
Так званыя судовыя працэсы ператварыліся ў звычайную фармальнасьць. На мінулым тыдні пачаўся суд супраць лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага. Ніякіх доказаў супраць яго не прадставілі. Адхілілі нават просьбу Бяляцкага пра правядзенне суда на беларускай мове, а перакладчыка не далі. Учора распачаўся суд над рэдактарамі папулярнага партала TUT.by. Усё гэта – асабістая помста Лукашэнкі за іх прыхільнасць да свабоды і справядлівасці.
Карумпаваны парламент рэжыму працягвае прымаць законы, якія абмяжоўваюць насельніцтва. Нядаўна ён дазволіў ужыванне смяротнага пакарання супраць палітычных апанентаў. А таксама дазволіў пазбаўляць грамадзянства і канфіскоўваць маёмасць любога, хто адважыцца выступіць супраць рэжыму.
Нягледзячы на тэрор і рэпрэсіі, якія працягваюцца, беларусы не здаюцца. Іх супраціў стаў падпольным, гарызантальным і дэцэнтралізаваным.
Некаторыя людзі ўступаюць у партызанскія атрады і кіберпартызаны. Іншыя, рызыкуючы сабой, добраахвотна збіраюць інфармацыю пра перамяшчэнне расійскіх войскаў, што дапамагае ўкраінцам рыхтавацца да нападаў. Існуе падпольная сетка самвыдату – незалежных газетаў, якія друкуюць і распаўсюджваюць нашыя людзі. Адважныя беларусы будуць рабіць усё, каб раскрыць рэальныя факты і праўду.
Нягледзячы на ўсе спробы рэжыму раздзяліць нас, мы захавалі адзінства дэмакратычных сілаў. Летась у жніўні мы правялі Кангрэс новай Беларусі і стварылі Аб'яднаны пераходны кабінет, які аб'яднаў асноўныя палітычныя групы і ініцыятывы і стаў галоўным выканаўчым органам нашага руху. У нашую шырэйшую кааліцыю таксама ўваходзяць НДА і незалежныя прафсаюзы.
Дарагія сябры,
Сёння нашыя асноўныя задачы – не дапусціць паўнавартаснага ўдзелу Беларусі ў вайне, сфармаваць міжнародную кааліцыю ў падтрымку Беларусі і зрабіць беларускае грамадства больш устойлівым. Нам трэба не спыняць ціск, каб дасягнуць вызвалення палітычных зняволеных, а таксама рыхтавацца да дэмакратычнага транзіту ўлады.
- Прыярытэт нумар адзін
Каб не дапусціць уступлення беларускіх войскаў у вайну і дапамагчы Украіне перамагчы, мы плануем больш актыўна займацца дзейнасцю ў інфармацыйнай прасторы і працай на месцах. Нам трэба зрабіць для Лукашэнкі максімальна высокімі выдаткі ўцягвання беларускіх войскаў [у вайну] ці новых нападаў з беларускай тэрыторыі. Рэжым павінен усвядоміць наступствы, уключаючы новыя і больш жорсткія санкцыі і народную незадаволенасць унутры краіны.
– Што для гэтага трэба:
Захад павінен рашуча і наўпрост заявіць пра гэтыя наступствы. Трэба запатрабаваць поўнага і безумоўнага вываду расійскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі. Трэба ўстрымацца ад афіцыйных кантактаў з Мінскам і прытрымлівацца палітыкі непрызнання. Падтрымаць механізмы дакументавання злачынстваў рэжыму і аднаўлення справядлівасці. Мы таксама заклікаем дапамагчы беларускай грамадзянскай супольнасці стаць больш гнуткай, падтрымаць нашых актывістаў на месцах, незалежныя СМІ і блогераў.
- Прыярытэт нумар два
Працягваць патрабаваць безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і падтрымліваць усіх, каго рэпрэсуе рэжым. Беларусы, якія змагаюцца з рэжымам, не павінны адчуваць сябе кінутымі.
– Што для гэтага трэба:
Дэмакратычнаму свету трэба прыкладаць больш намаганняў, каб прымусіць рэжым Лукашэнкі вызваліць палітычных закладнікаў. Патрабаванні павінны прысутнічаць у кожнай заяве і рэзалюцыі. Мы таксама прапануем стварыць міжнародны мэтавы фонд у падтрымку рэпрэсаваных і іх сем'яў, грошы з якога пойдуць на аплату адвакатаў, падтрымку сем'яў і рэабілітацыйныя праграмы для вызваленых палітвязняў і іх дзяцей.
- Прыярытэт нумар тры
Мы імкнемся стварыць кааліцыю краінаў і мабілізаваць міжнародную падтрымку дэмакратычнай Беларусі. Беларусам, якія выступаюць супраць рэжыму, патрэбная міжнародная падтрымка. Мы разумеем, што будучыня Беларусі і Украіны ўзаемазвязаная. Але мы не павінны чакаць перамогі Украіны. Перамены ў Беларусі дапамогуць Украіне перамагчы Расію. Свабодная Беларусь стала б для Пуціна горшай за любыя санкцыі.
– Што для гэтага трэба:
Неабходная праактыўная стратэгія ў дачыненні да Беларусі, якая забяспечвае максімальны ціск на рэжым Лукашэнкі, з аднаго боку, і падтрымку беларускага дэмакратычнага руху – з іншага. Неабходна ўздымаць беларускае пытанне ў міжнародных арганізацыях, такіх як Еўрапарламент, Рада Еўропы ці АБСЕ, і фармалізаваць адносіны з беларускімі дэмакратычнымі сіламі як сапраўднымі прадстаўнікамі беларускага народа.
- Прыярытэт нумар чатыры
Нам трэба дапамагаць беларусам, якія беглі і працягваюць сваю працу ў выгнанні. Тыя рэпрэсаваныя НДА, бізнесы, незалежныя СМІ, якія пераехалі ў ЕС ці Украіну, каб працягнуць сваю дзейнасць, маюць патрэбу ў падтрымцы. Яны сутыкаюцца са шматлікімі праблемамі з візамі і прававым статусам, у той час як рэжым пазбаўляе іх права на беларускае грамадзянства.
– Што для гэтага трэба:
Змякчыць візавую палітыку, паскорыць візавыя працэдуры для беларусаў, якія не працуюць на рэжым. Важна працягваць выдачу візаў унутры Беларусі.
Гэта можа быць пытаннем жыцця і смерці, калі за чалавекам палюе КДБ. Трэба даваць стыпендыі для студэнтаў і магчымасці для пераезду беларускіх бізнесаў. Мы таксама шукаем рашэння для тых тысячаў людзей, якія могуць быць раптоўна пазбаўленыя беларускага грамадзянства. Часовыя дакументы – добры крок.
- Прыярытэт нумар пяць
Умацоўваць устойлівасць беларускага грамадства і падтрымліваць беларускую нацыянальную ідэнтычнасць. Мы будзем працягваць прасоўваць беларускую культуру, мову і гісторыю. Беларусы павінны ведаць, што яны з'яўляюцца часткай Еўропы, а не расійскага свету.
– Што для гэтага трэба:
Падтрымка культурных і адукацыйных ініцыятываў, ініцыятываў грамадзянскай супольнасці і моладзевых абменаў.
Беларусам трэба паказаць еўрапейскую перспектыву.
- Прыярытэт нумар шэсць
Мы працягваем рыхтавацца да дэмакратычнага пераходу і яго магчымых сцэнароў. Мы ўжо распрацавалі праект новай Канстытуцыі, якая гарантуе, што дыктатура не вернецца ў будучым. Мы рыхтуем законы пра выбарчы працэс, эканамічнай, сацыяльнай і судовай рэформах. Мы таксама рыхтуем кадравы рэзерв для новай Беларусі – наш план складаецца ў тым, каб мець тысячы кваліфікаваных і навучаных спецыялістаў, якія будуць адбудоўваць нашую краіну.
– Што для гэтага трэба:
Даваць беларусам стажыроўкі, стыпендыі і грантавую падтрымку. Мы таксама просім дапамогі ў падрыхтоўцы законаў і рэформаў. Мы хочам вучыцца ў лепшых.
Дарагія сябры,
Напрыканцы, я заклікаю падзяляць рэжым Лукашэнкі і беларусаў. Гэта Лукашэнка падтрымлівае Пуціна. І гэта Пуцін падтрымлівае дыктатуру Лукашэнкі. Я заклікаю вас устрымацца ад такіх простых, але ў корані шкодных рашэнняў, як візавыя абмежаванні для беларусаў. Гэта не шкодзіць рэжыму, гэта шкодзіць толькі тым, хто спрабуе яго зрынуць, прыхільнікам дэмакратыі ў беларускім грамадстве.
У 2020 годзе беларусы зрабілі дакладны выбар на карысць дэмакратыі і працягваюць змагацца за гэты выбар. Беларусы – глыбока еўрапейская нацыя з доўгай гісторыяй барацьбы за незалежнасць. Беларусы не асацыююць сябе з расійскім рэваншызмам. Беларусы бачаць сябе ў Еўропе, у сям'і свабодных дэмакратычных народаў.
Дзякуй, што падтрымліваеце Беларусь!»
Запіс трансляцыі вэбінара можна паглядзець па спасылцы.