• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Дайджэст Офіса Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі, Ліпень 2023 / Выпуск 12-13

    02 жніўня, 2023

    Дасылайце, калі ласка, інфармацыю пра ўсё, што тычыцца адукацыі ў Беларусі, у наш бяспечны ананімны чат–бот: @eduOST_bot. Паведамляйце нам навіны са сваёй установы адукацыі ці дзяржаўнага ведамства датычна рэпрэсій і розных формаў ціску з боку кіраўніцтва, пішыце нам пра факты карупцыі і новыя распараджэнні, якія здаюцца вам неабгрунтаванымі ці нерацыянальнымі. Таксама запрашаем вас дзяліцца сваімі ідэямі і прапановамі па рэфармаванні сістэмы адукацыі.

    У нас з’явіўся сайт www.asvetaby.org, на якім можна знайсці ўсе выпускі дайджэста «Асвета» на беларускай, рускай і англійскай мовах, а таксама дадатковую інфармацыю па пытаннях адукацыі і навукі.

    • Міжнародныя магчымасці

    – Універсітэт Капенгагена прапануе больш за 50 магістарскіх праграм па розных напрамках: урбаністыка, антрапалогія, экалогія, глабальнае развіццё, комплексныя даследаванні ды інш. Усе праграмы выкладаюцца на англійскай мове, веданне дацкай не патрабуецца. Навучанне платнае. Усе заяўнікі аўтаматычна трапляюць у спіс прэтэндэнтаў і прэтэндэнтак на стыпендыю ўрада Даніі. Больш за тое, на сайце ўніверсітэта можна знайсці і іншыя варыянты і магчымасці для пошуку фінансавай падтрымкі на навучанне.

    Прыём заявак – да 1 верасня 2023 г.
    Пачатак навучання – люты 2024.

    Спіс магістарскіх праграм Капенгагенскага ўніверсітэта па тэмах
    Падрабязней пра стыпендыі ўрада Даніі
    Больш падрабязна пра іншыя магчымасці для пошуку фінансавання

    – Праграмы FULBRIGHT для беларусаў

    Праграмы ўключаюць магчымасці для студэнтаў, выкладчыкаў ВНУ, а таксама для даследчыкаў, вучоных і дактарантаў. Па кожнай з праграм адкрыта служба падтрымкі па пытаннях падачы заяўкі. Усе пытанні можна задаць, даслаўшы ліст на e–mail belarus@americancouncils.org.

    Для беларускіх студэнтаў (FFSP) – магчымасць атрымаць ступень магістра ва ўніверсітэце ЗША. Поўная стыпендыя з пакрыццём выдаткаў на навучанне, транспарт, медыцынскую страхоўку. Таксама стыпендыяты атрымліваюць выплаты для пакрыцця расходаў на матэрыяльную базу. Прадугледжана візавая падтрымка як для ўдзельнікаў праграмы, так і для суправаджальных членаў сям'і. Пасля заканчэння праграмы ёсць магчымасць прайсці стажыроўку ў амерыканскіх арганізацыях. Патрабаванні да кандыдатаў: беларускае грамадзянства, ступень бакалаўра, добрае валоданне англійскай мовай. 

    Прыём заявак – да 3 верасня 2023 года

    Апісанне праграмы 
    Падача заяўкі

    Для выкладчыкаў (FFDP) – прафесійная стажыроўка ў ЗША на 1 семестр, без атрымання ступені. Гэта выдатная магчымасць пазнаёміцца з амерыканскімі акадэмічнымі праграмамі, атрымаць досвед распрацоўкі курсаў, сабраць матэрыялы для ўласных даследаванняў і наладзіць доўгатэрміновыя кантакты з амерыканскімі калегамі. Праграма прадугледжвае аплату міжнародных і мясцовых пералётаў, медыцынскую страхоўку, а таксама штомесячную стыпендыю на працягу ўсяго перыяда стажыроўкі.

    Прыём заявак – да 3 верасня 2023 года

    Апісанне праграмы
    Падача заяўкі

    Для навукоўцаў, дактарантаў і даследчыкаў (FVSP) – прадугледжвае падтрымку навуковых даследаванняў і/ці падрыхтоўкі і правядзенні лекцый у амерыканскіх універсітэтах на працягу 3–6 месяцаў. Стыпендыя пакрывае міжнародныя пералёты, штомесячную падтрымку стыпендыята і суправаджальных членаў сям'і, медыцынскую страхоўку.

    Прыём заявак – да 3 верасня 2023 года

    Апісанне праграмы 
    Падача заяўкі

    – Праграма стыпендый Hubert H Humphrey Fellowship

    прапануе беларускім спецыялістам з прафесійным вопытам прайсці гадавую стажыроўку ў ЗША па шырокім спектры напрамкаў. Праграма пакрывае выдаткі на міжнародныя пералёты, навучанне ва ўніверсітэце, медыцынскую страхоўку, а таксама прадугледжвае штомесячную стыпендыю і грашовую дапамогу на куплю падручнікаў і ўдзел у мерапрыемствах і канферэнцыях. Больш за тое, суправаджальныя члены сям'і могуць разлічваць на візавую падтрымку.

    Прыём заявак – да 3 верасня 2023 года

    Апісанне праграмы
    Падача заяўкі 

    – Генцкі ўніверсітэт запрашае на бясплатны 4–дзённы курс «Дэкаланіяльныя і посткаланіяльныя погляды на Усходнюю Еўропу». Курс пройдзе з 17 па 20 кастрычніка 2023 года і адрасаваны кандыдатам навук і постдактарантам сацыяльных і палітычных навук, зацікаўленым у вывучэнні Global East і постсавецкай прасторы. Мова курса – англійская.

    Прыём заявак – да 30 жніўня 2023 года

    Праграма і форма рэгістрацыі 

    – Канцэрн Audi адкрыў Прыём заявак на штогадовую праграму падвойнага навучання ў Technical University of Munich ці Ingolstadt Technical University. Кожны ўдзельнік праграмы выбірае, у якім з універсітэтаў праходзіць навучанне, а таксама праходзіць практычнае навучанне непасрэдна ў кампаніі Audi. Праграма падыходзіць для ўладальнікаў ступені бакалаўра, захопленых тэхналогіямі і інфармацыйнымі тэхналогіямі. Пачатак навучання – кастрычнік 2023 года.

    Прыём заявак – да 17 верасня 2023 года

    Напрамкі навучання і форма рэгістрацыі 

    – International Excellence Scholarship Program (IES)

    Стыпендыяльная праграма, якая дазваляе матываваным студэнтам усіх спецыяльнасцяў з Усходняй і Паўднёва–Усходняй Еўропы, Каўказа і Цэнтральнай Азіі з адзнакамі вышэй за сярэдні правесці семестр і паглыбіць свае веды ў найлепшых універсітэтах Германіі (HU Berlin, FU Berlin, HWR Berlin, University of Potsdam). COPERNICUS BERLIN прапануе 3 магчымасці фінансавання ў межах праграмы IES: поўная стыпендыя, частковая стыпендыя плюс, частковая стыпендыя.

    Тэрміны падачы заяўкі:

    1 кастрычніка – 30 снежня на наступны зімовы семестр;
    1 красавіка – 30 чэрвеня на наступны летні семестр.

    Прыняць удзел

    – British Council 2023

    прапануе бясплатныя анлайн–тэсты IELTS. Трэніровачныя тэсты могуць стаць часткай эфектыўнай падрыхтоўкі да здачы IELTS. Гэта магчымасць самастойна пазнаёміцца з фарматам тэста, папрактыкавацца ў таймінгу і тэхніцы здачы іспыту.

    Выбраць тэст

    – Офіс па адукацыі для новай Беларусі

    прымае заяўкі на кампенсацыю выдаткаў ад былых палітвязняў беларускіх студэнтаў, студэнтак, вучняў, вучаніц, якія маюць патрэбу ў фінансавай дапамозе. Ініцыятыва рэалізуецца ў межах праграмы Orange Scholarships Каралеўства Нідэрландаў. Максімальная сума падтрымкі складае 3000€.

    Падаць заяўку

    – Стажыроўкі ў навучальных установах Славакіі

    Урад Славацкай Рэспублікі ў межах Нацыянальнай стыпендыяльнай праграмы для замежных студэнтаў, аспірантаў, выкладчыкаў універсітэтаў, даследчыкаў і мастакоў працягвае Прыём заявак на праходжанне стажыроўкі ў навучальных установах Славакіі.

    Прыём заявак – да 30 кастрычніка 2023 года

    Прыняць удзел

    – Еўрапейскі Саюз у межах праграмы «EU4Belarus – SALT–II» (Support for Advanced learning and training) абвяшчае прыём заявак на атрыманне фінансавай падтрымкі ў памеры да 1450 еўра на вывучэнне адной з еўрапейскіх моў (на выбар суіскальніка) і здачы па ім іспыту. Праграма прызначана для беларускіх студэнтаў-палітвязняў.

    Умовы праграмы і Падача заяўкі

    • Грамадзянская супольнасць і адукацыя

    – Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт запрашае прыняць удзел у Летнім дэмакратычным лагеры, які пройдзе з 1 па 10 верасня ў Вісагінасе (Літва). У праграме летніка лекцыі і дыскусіі пра «бум памяці» ў рэгіёне Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, маніпуляванне гістарычнымі тэмамі ў палітычных мэтах, праблемы фармавання нацыянальных наратываў, пошук прымірэння і вырашэнне гістарычных канфліктаў. Да ўдзелу запрашаюцца студэнты Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, а таксама беларускія студэнты, якія навучаюцца ў Літве і Польшчы (бакалаўрыят, магістратура, дактарантура). Удзел бясплатны, адбор кандыдатаў праводзіцца на конкурснай аснове. Прыём заявак – да 5 жніўня 2023 года.

    – Працягваецца збор сродкаў на падрыхтоўку да новага навучальнага года для дзяцей палітвязняў і людзей, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі. Чатыры грамадзянскія ініцыятывы аб'ядналі свае намаганні і магчымасці з мэтай падтрымаць беларусаў, якія апынуліся ў цяжкіх абставінах: фонд салідарнасці BYSOL, фонд «Краіна для жыцця», ініцыятыва дапамогі палітвязням Dissidentby і дабрачынная арганізацыя Littowin LIONS CLUB. На момант публікацыі сабрана больш за 6000 еўра з неабходных 25 000. Важна: калі вы плануеце пералічыць донат – у мэтах асабістай бяспекі не карыстайцеся BY/RU плацёжнымі сродкамі.

    – У гродзенскай школе № 34 адкрыта магчымасць навучання дзяцей на беларускай мове. Для таго, каб быў створаны адпаведны клас – неабходна не менш за 2–3 заявы на паступленне ад жадаючых. Па пытаннях навучання на беларускай мове можна звяртацца да дырэктара школы Віталя Валянцінавіча Парманчука па тэлефоне 8 0152 33 20 98.

    – Моладзевы савет «РАДА» прадставіла вынікі даследавання патрэбаў беларускай моладзі ў нефармальнай адукацыі. Удзельнікі – 176 рэспандэнтаў, якія прадстаўляюць узроставую групу 18–35 гадоў. У выніках даследавання адзначана, што найбольшую прывабнасць моладзі прадстаўляюць тэмы soft skills, адукацыя ў сферы беларускай мовы і культуры, а таксама фінансавая пісьменнасць (63%). Аўтары даследавання адзначаюць розніцу інтарэсаў рэспандэнтаў Беларусі і за мяжой: моладзь за мяжой цікавіцца тэмамі правоў чалавека, палітычнай пісьменнасці ды грамадзянскай актыўнасці. Поўную версію справаздачы можна знайсці тут.

    – У межах праекта «Васьмiног» адбылося трэцяе пасяджэнне лабараторыі, дзе абмяркоўваліся падыходы да вызначэння прынцыпаў адукацыйнай палітыкі, мадэляў сістэмы адукацыі, фарматаў кіравання адукацыяй у Беларусі. Мадэратар Марына Сакалова падкрэсліла важнасць структурных элементаў канцэпцыі і прапанавала шэраг такіх элементаў, якія павінны прысутнічаць у канцэпцыях рэформы. Пры гэтым падчас абмеркавання праблем беларускай школьнай адукацыі і магчымасцяў запазычання досведу заходніх краін для правядзення рэформаў удзельнікі лабараторыі прадставілі розныя падыходы. Лабараторыя працягне сваю працу ў верасні 2023 года і запрашае экспертаў і прадстаўнікоў педагагічнай супольнасці ўзяць удзел у абмеркаванні рэформы адукацыі і мадэлі будучай школы. Кантакты для сувязі: vasminoh.reform@gmail.com.

    – У кнігарнях Мінска з'явілася новае выданне з рубрыкі «Галерэя чалавечай думкі» ад Лявона Баршчэўскага і Дзмітрыя Коласа. На гэты раз на беларускай мове прадстаўлена праца вядомага нямецкага філосафа Фрыдрыха Шэлінга «Філасофскія даследаванні пра сутнасць чалавечай свабоды».

    – На youtube–канале «Няпростая гісторыя» апублікаваны новы выпуск. Андрэй Казакевіч і Аляксей Ластоўскі паразмаўлялі з беларускім гісторыкам Алегам Дзярновічам на тэму: «Якое значэнне для Беларусі адыграла станаўленне Літвы, як гістарычнага і культурнага сімвала?». Таксама суразмоўцы абмеркавалі адносіны паміж балтамі і славянамі, цяжкасці ўтварэння Рэчы Паспалітай і праблемы інтэрпрэтацыі спадчыны ВКЛ.

    – Спявак і кандыдат навук Зміцер Нікановіч даў вялікае інтэрв'ю «Нашай Ніве», у якім распавёў пра свой досвед выкладання на факультэце журналістыкі БДУ і наступнае звальненне праз сваю палітычную пазіцыю. У 2020 годзе Нікановіч прыняў удзел у мірным пратэсце на прыступках факультэта і актыўна абмяркоўваў сітуацыю ў краіне са студэнтамі. Па словах выкладчыка, яго грамадзянская пазіцыя выклікала вострую рэакцыю з боку кіраўніцтва факультэта, якое спрабавала аказаць на яго ціск праз публічныя выказванні Нікановіча.

    – Сяргей Альшэўскі прааналізаваў вынікі ўступнай кампаніі ў ВНУ 2023 года на аснове адкрытых звестак. Што адбылося пасля выдалення з цэнтралізаванага іспыту задання 5 ўзроўню, пра што на самой справе кажа статыстыка па няяўцы на ЦТ і як усё гэта адлюстроўвае падзенне цікавасці да вышэйшай адукацыі? Тэкст з лічбамі і графікамі можна прачытаць тут.

    • Рэпрэсіі

    – 4 ліпеня 2023 г. суд Чыгуначнай акругі г. Гомеля вынес рашэнне аб прызнанні сайта беларускай моладзевай рады «РАДА» і акаўнтаў аб'яднання ў Instagram, Facebook, VK, YouTube і Linkedin экстрэмісцкімі матэрыяламі.

    – 17 ліпеня тэлеграм–канал сілавікоў апублікаваў «пакаяльнае» відэа з удзелам студэнткі 4 курса юрыдычнага факультэта адной з беларускіх ВНУ. Дзяўчыну затрымалі праз яе дыпломную працу, у якой прысутнічалі спасылкі на «экстрэмісцкія» крыніцы. У відэа студэнтка прызнаецца, што заказала тэкст у кампаніі, якая займаецца напісаннем студэнцкіх работ. Непасрэдна перад абаронай дыплома дзяўчыну адлічылі з універсітэта. Пазней, у тым жа тэлеграм–канале, з'явілася «пакаяльнае» відэа з аўтарам працы, а таксама інфармацыя па тым, што дзяўчыну чакае пакаранне ў выглядзе «сутак» за распаўсюджванне «забароненых матэрыялаў».

    – Выпуск рубрыкі «Па той бок «Змагарства»» наваполацкага тэлеканала «Звязда» ад 4 ліпеня быў прысвечаны Полацкаму дзяржаўнаму універсітэту. Тэлеканал сцвярджае, што ў 2020 годзе ўніверсітэт вызначыўся выхаваўчымі і ідэалагічнымі недахопамі. Рэктар ПДУ Юры Раманоўскі (займае пасаду са жніўня 2022 года) пацвердзіў, што пасля жнівеньскіх падзей шмат выкладчыкаў выступіла на баку пратэстоўцаў. Пасля слоў вядучай пра пагрозу «беларускай дзяржаўнасці» з боку тых, хто «падзяляе і захапляецца заходнім укладам», паказалі раней затрыманага выкладчыка ПДУ Сяргея Глазырына. Гэта яшчэ адно затрыманне, якое працягвае серыю арыштаў ва ўніверсітэце вясной і летам гэтага года.

    – 24 чэрвеня стала вядома пра затрыманне дзвюх універсітэцкіх выкладчыц — выкладчыцы беларускай мовы, кандыдаткі філалагічных навук і дацэнткі кафедры беларускай і рускай моў Надзеі Старавойтавай і выкладчыцы рускай мовы, кандыдаткі філалагічных навук Наталлі Сівіцкай. Пакаянае відэа з імі з'явілася ў тэлеграм-канале сілавікоў. Выкладчыцы кажуць пра свой удзел у пратэстах, а Старавойтава таксама «прызнаецца», што выходзіла на дарогу падчас маршаў, была зарэгістраваная ў плане «Перамога», а таксама падпісаная на «дэструктыўныя» каналы.

    – Штатныя супрацоўнікі КДБ рандомна правяраюць тэлефоны ў супрацоўнікаў ВНУ, каледжаў і ліцэяў. Мэта – выяўляць парушэнне прадпісання аб забароне падпіскі на любыя так званыя «экстрэмісцкія» рэсурсы. У любы момант у любога супрацоўніка могуць запатрабаваць разблакаваць тэлефон і паказаць змесціва. Праверкамі займаюцца прарэктары або намеснікі дырэктараў па бяспецы або выхаваўчай працы. Гэтая пасада з'явілася ва ўстановах адукацыі пасля 2020 года, на яе прызначаюцца прадстаўнікі спецслужбаў.

    • Палітыка рэжыму

    – «Кіберпартызаны» заявілі пра ўзлом сервераў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і заявілі, што вернуць дадзеныя ў абмен на вызваленне 50 палітвязняў. Паводле іх слоў, у выніку атакі былі пашкоджаныя дамен–кантролеры, працоўныя станцыі зашыфраваны і выпампавана больш за 3 тэрабайты дадзеных. Універсітэт адмаўляе факт узлому і называе інфармацыю аб DDos–нападе недакладнай, тлумачачы праблемы тэхнічным збоем, над якім працуюць іх IT–спецыялісты. Цяпер усе сайты bsu.by застаюцца недаступнымі.

    – 4 ліпеня на сайце гісторыка–філалагічнага факультэта Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта была апублікавана інфармацыя пра новага дэкана – ім быў прызначаны кандыдат сельскагаспадарчых навук Аляксандр Кісялёў. Новы кіраўнік «пратрымаўся» нядоўга. Праз суткі, 5 ліпеня, рэктар МДУ Дзяніс Дук падпісаў указ аб прызначэнні на гэтую пасаду кандыдата гістарычных навук Марыі Мацюшэўскай. Па інфармацыі СМІ, перапрызначэнне адбылося пасля рэзанансу, які выклікала прызначэнне Кісялёва – у шматлікіх публікацыях адзначалася розніца паміж абласцямі спецыялізацыі Кісялёва і факультэта.

    – У студэнтаў Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, якія не ўступілі ў прафсаюз і БРСМ, могуць узнікнуць праблемы з месцам у інтэрнаце. Бацькі студэнтаў звярнуліся да прадстаўнікоў ВНУ па тлумачэнні, на што ім адказалі, што перавагі пры размеркаванні месцаў будуць у тых студэнтаў, хто знаходзіцца ў абедзвюх арганізацыях.

    – Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і расійскі Савет Федэрацыі прапануюць урадам дзвюх краін распрацаваць адзіныя падыходы да выкладання гісторыі. Заканадаўцы рэкамендуюць органам улады рэгіёнаў дзвюх краін прадоўжыць працу па «фармаванні агульных стандартаў і падыходаў у ацэнцы сумеснай гісторыі Расіі і Беларусі». Сярод прадстаўленых у дакуменце рэкамендацый – стварэнне сумесных фільмаў, якія адлюстроўваюць «гістарычную і духоўную агульнасць расійскага і беларускага народаў».

    – У сярэдзіне ліпеня з'явілася інфармацыя пра тое, што рэжым пачаў адсочваць людзей, якія робяць апастыль. Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», вядома як мінімум пра адзін выпадак, калі кіраўніцтва дзяржустановы атрымала спіс тых, хто падаў дакументы на апастыль. Супрацоўнікаў выклікалі «на гутарку», распытвалі пра планы, удакладнялі інфармацыю па сваяках.

    – У беларускіх медыцынскіх ВНУ ўстаноўлены гендарныя квоты для профіляў хірургічнага профілю – «Лекавая справа» і «Педыятрыя». Так, на профіль «Анестэзіялогія і рэаніматалогія» ў адной з ВНУ прадугледжана 40 месцаў для мужчын і 20 для жанчын. Новы парадак размеркавання месцаў рэгулюе загад Міністэрства аховы здароўя Беларусі «Аб арганізацыі навучання ў субардынатуры». Еўрарадыё звярнулася па каментар пра новую пастанову да начальніцы ўпраўлення кадравай палітыкі Міністэрства Вольгі Калюпанавай – тэкст гутаркі можна прачытаць тут.

    – Сусветны рэйтынг ВНУ QS World University Rankings апублікаваў 20–ую штогадовую справаздачу. У яго ўвайшлі 1497 універсітэтаў са 104 краін свету. У параўнанні з 2022–м Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт страціў амаль сто пазіцый і перамясціўся з 288–га месца на 387–е. БНТУ перамясціўся з групы 751–800 у наступную – 801–1000, а БДУІР – «асеў» да 1201–1400. У гэтым годзе рэйтынг быў складзены з улікам абноўленай значнасці крытэраў, сярод якіх «міжнароднае супрацоўніцтва», «вынікі працаўладкавання выпускнікоў» ды інш.

    – 24 беларускія школьнікі былі адпраўленыя 13 ліпеня на адпачынак у міжнародны дзіцячы цэнтр «Артэк» у Крыме. Пра гэта паведаміў тэлеграм–канал «Рускі дом у Мінску». Сярод удзельнікаў – пераможцы расійскага конкурсу «Вялікая Перамена».

    – Міністэрства працы Беларусі абвесціла пра пачатак прыёму заяў на атрыманне матэрыяльнай дапамогі да навучальнага года для шматдзетных сем'яў. Агульная колькасць такіх сем'яў у Беларусі – 240 тысяч, з іх разлічваць на фінансавую падтрымку могуць толькі 115 тысяч. Памер дапамогі складае 30 адсоткаў бюджэту пражытковага мінімуму на кожнага школьніка. Па звестках МАРГ зборы ў школу ў 2023 годзе абыдуцца бацькам у 370–1122 беларускія рублі для вучняў пачатковай школы, і 462–1392 – для старшакласнікаў. Сюды ўваходзяць адзенне для школы альбо форма, абутак, канцтавары ды іншая школьная драбяза.

    – У 2023 годзе беларускія школы сумесна з бацькамі мусяць вызначыцца з другім элементам формы. Гэты выбар неабходна было зрабіць да траўня 2023 года. Разам з тым, кожная мадэль школьнай формы перад запускам у вытворчасць узгадняецца спецыяльнай камісіяй з прадстаўнікоў «Беллегпрама», Мінадукацыі і МАРГ. Калі вучань прыйдзе ў школу без формы, гэта можа стаць падставай для разбору з боку адміністрацыі школы. Раней СМІ паведамлялі пра планы гарадскіх уладаў увесці ў Мінску школьную форму адзінага колеру, з дзяржсімволікай і гербам горада

    – У Мінску ліквідуюць два ліцэі – № 1 у Маскоўскім раёне горада Мінска, № 2 – у Ленінскім. Па словах старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Андрэя Стрыгельскага, «сёння няма неабходнасці ў такім выглядзе ўстановы, як агульнаадукацыйны ліцэй». Чыноўнік таксама адзначыў, што ў Мінску створаны ўсе ўмовы для атрымання профільнай адукацыі на трэцяй ступені ва ўсіх школах і гімназіях.

    – Адукацыйны фонд Perspektywy прадставіў справаздачу па студэнтах, якія навучаюцца ў Польшчы, і паводле гэтых звестак, беларусы займаюць другое месца ў ТОП–10 па колькасці замежных студэнтаў. У розных навучальных установах краіны навучаюцца больш за 12 тысячаў беларускіх студэнтаў. Агульная колькасць замежных студэнтаў, якія вучацца ў Польшчы, складае 105 000. Найбольш запатрабаванымі напрамкамі сярод замежнікаў з'яўляюцца менеджмент, інфарматыка і медыцына.

    Апошнія навіны