25 сакавіка Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у адзначэнні Дня Волі ў Вашынгтоне. Яна выступіла на мітынгу перад Белым Домам, дзе заклікала беларусаў не спыняцца і працягваць барацьбу, каб вызваліць усіх палітвязняў і давесці краіну да свабоды і дэмакратыі. У сваім выступе Ціханоўская таксама падзякавала ЗША за падтрымку і сказала, што ў беларусаў ёсць героі, якія паказалі, што барацьба за свабоду – гэта глабальная справа. Яна згадала Тадэвуша Касцюшку, помнік якому знаходзіцца на плошчы, дзе праходзіў мітынг. Узгадала і беларускіх палітвязняў, добраахвотнікаў, таксама партызанаў, якія спыняюць ваенную тэхніку і паказваюць, што беларусы і рэжым – не адно і тое ж.
«За сваю мару пра вольную Беларусь многія дзеячы БНР заплацілі жыццём і свабодай. Гэтую ж высокую цану плацяць беларусы ў Беларусі і ва Украіне. Нашыя палітвязні, нашыя партызаны, нашыя добраахвотнікі – гэта наш гонар і сумленне. Гэта тысячы герояў будучай свабоднай Беларусі», – сказала лідарка беларускага народа.
На гэтым мітынгу выступіў прадстаўнік амерыканска-ўкраінскага аб'яднання, прадстаўнік дзяржаўнага дэпартамента ЗША і прадстаўнік Сената ЗША. Таксама ў мітынгу бралі ўдзел прадстаўнікі ўкраінскай, літоўскай і латвійскай дыяспары. Усяго ў святкаванні прынялі ўдзел некалькі сотняў чалавек.
Пасля мітынгу Ціханоўская разам з амбасадарамі Літвы, Латвіі, Эстоніі, прадстаўніком Польшчы ўсклала кветкі да помніка ахвярам камунізму. У сваім выступе яна адзначыла, што будзе рабіць усё, каб гэтыя жахі, сталінскія рэпрэсіі, высылкі не паўтарыліся. Бо зараз мы бачым гэтыя спробы вярнуць сталінізм у Еўропу, і мы ўсе разам павінны гэтаму перашкодзіць. Мы павінны памятаць і называць імёны ахвяраў, але таксама і імёны катаў і злачынцаў, каб злачынствы не засталіся без пакарання.
Святлана Ціханоўская дала інтэрв'ю Fox News, Washington Examiner, Christian Science Monitor, Imedi, Голасу Амерыкі, YAHOO.news.