• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Выступ Святланы Ціханоўскай на мітынгу беларусаў каля Белага Дома з нагоды Дня Волі, 2023

    27 сакавіка, 2023

    «Дарагія мае беларусы!

    Віншую Вас з Днём Волі – нашым галоўным беларускім святам!

    Сто пяць гадоў таму краіна Беларусь з'явілася на палітычнай мапе свету.

    Гэта былі няпростыя сто пяць гадоў. Грамадзянская вайна, Рыжская дамова, Сталінскія рэпрэсіі, нацысцкая акупацыя, пасляваенная русіфікацыя, Чарнобыльская катастрофа. Усе гэтыя выпрабаванні беларускі народ прайшоў, калі краіна знаходзілася ў складзе Савецкай імперыі.

    Мы спадзяваліся, што ў незалежнай Беларусі гэтыя жахі не паўторацца. Мы не маглі ведаць, што ў незалежнай Беларусі нас чакае яшчэ адно жудаснае выпрабаванне: дыктатура. Дыктатура, усталяваная ў Беларусі пры ўдзеле Масквы.

    Сёння рэжым робіць усё, каб нашая з вамі краіна з мапы свету знікла. Лукашэнка пусціў у Беларусь войскі чужой дзяржавы. Расея скарыстала нашую тэрыторыю, каб напасці на Украіну. 

    Дыктатар абвяшчаў сябе гарантам стабільнасці і міру. Але схлусіў і гэтым разам: ён уцягнуў нашую краіну ў вайну. Яму мала таго тэрору, які ён ужо два з паловай гады вядзе супраць уласнага народа. Ён ператварыўся ў міжнароднага тэрарыста і ваеннага злачынца.

    Калі б у 2020-м годзе лукашэнкаўскія чыноўнікі паводзілі сябе сумленна, гэтага не было б. Але гісторыя не мае ўмоўнага ладу. Сёння мы маем, што маем: замест дэмакратычнай краіны – краіну акупаваную. Замест міру – вайну. Замест нацыянальнай згоды – тысячы палітзняволеных і сотні тысяч эмігрантаў.

    Але таксама мы маем адно аднаго. Маем гераічны супраціў беларускіх партызанаў. Маем Полк Каліноўскага, які самаахвярна ваюе за Ўкраіну. 

    Маем аб’яднаную дыяспару, якая шчыра падтрымлівае дэмакратычныя сілы. І маем беларускі народ. Нават будучы ў закладніках рэжыму, беларусы асуджаюць злачынную вайну Пуціна і Лукашэнкі супраць Украіны.

    Дарагія сябры,

    За сваю мару пра вольную Беларусь многія дзеячы БНР заплацілі жыццём і свабодай. Гэтую ж высокую цану плацяць беларусы ў Беларусі і ва Ўкраіне. Нашыя палітвязні, нашыя партызаны, нашыя дабраахвотнікі – гэта наш гонар і сумленне. Гэта тысячы герояў будучай свабоднай Беларусі.

    Мы ведаем, што параза Расеі ў вайне з Украінай наблізіць нас да новай Беларусі. І тады ў нас нарэшце ўзнікне новы, дэмакратычны ўрад, якому Рада БНР зможа ўпэўнена перадаць свае паўнамоцтвы. 

    Таму не забываймася пра сваіх герояў. Хай нашая падтрымка будзе яшчэ больш шчодрай і шчырай.

    Са святам, дарагія сябры. 

    Жыве Беларусь!»

    Апошнія навіны