Дасылайце, калі ласка, інфармацыю пра ўсё, што тычыцца адукацыі беларусаў, у наш бяспечны і ананімны чат-бот @eduOST_bot. Паведамляйце нам навіны са сваёй установы адукацыі ці дзяржаўнага ведамства датычна рэпрэсій і розных форм ціску з боку кіраўніцтва, пішыце нам пра факты карупцыі і новыя распараджэнні, якія здаюцца вам неабгрунтаванымі ці нерацыянальнымі. Таксама запрашаем вас дзяліцца сваімі ідэямі і прапановамі па рэфармаванні сістэмы адукацыі.
У нас з'явіўся сайт www.asvetaby.org, дзе можна знайсці ўсе выпускі дайджэсту «Асвета» на беларускай, рускай і англійскай мовах.
Спампаваць дайджэст па пытаннях адукацыі і навыкі магчыма па спасылцы.
- Рэпрэсіі
– У Гродзенскім абласным судзе быў вынесены прысуд студэнтцы ЕГУ Соф'і Сапеге, дзяўчыне Рамана Пратасевіча, затрыманай разам з ім у аэрапорце пасля прымусовай пасадкі самалёта. Ёй было выстаўлена абвінавачанне адразу па сямі артыкулах Крымінальнага кодэкса, аднак ніяк не звязанае са справай Пратасевіча. Па выніках судовага паседжання, якое вялося ў закрытым рэжыме, дзяўчыну асудзілі на 6 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму і абавязалі выплаціць матэрыяльную кампенсацыю на суму 167 500 рублёў.
– 6 мая ў судзе Маскоўскага раёна г. Мінска быў вынесены прысуд магістрантцы БДПУ Анастасіі Кухаравай. Суддзя Вольга Малашэнка прызнала яе вінаватай у здзяйсненні злачынства па ч.1 арт. 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» і прысудзіла Анастасіі тры гады «хатняй хіміі». Дзяўчыну вызвалілі ў залі суда.
– Суд Савецкага раёна г. Мінска прызнаў студэнта ФІТК БДУІР Яўгена Маляўку, затрыманага 21 сакавіка 2022 г., вінаватым у парушэнні арт. 342 КК РБ. Яўгену прысудзілі тры гады «хатняй хіміі», ён быў вызвалены ў зале суда.
– 6 траўня 18-гадовы студэнт Кірыл Кетурка быў прызнаны вінаватым у парушэнні арт. 342 ч.1 КК РБ. Справа разглядалася ў судзе Кастрычніцкага раёна г. Гродна. Суддзя Маргарыта Ланцэвіч прысудзіла юнаку 2,5 года «хатняй хіміі».
– Вядомая выкладчыца, былая дацэнтка МДЛУ Наталля Дуліна выйшла на волю пасля чацвёртага адміністрацыйнага арышту і расказала пра ўмовы ўтрымання зняволеных у Мінску і Магілёве: «там я зразумела, што такое катаванні».
– Студэнтка, супрацоўніца адной з ІТ-кампаній, якая працуе з рэкламай у сацсетках, была затрыманая «за абразу адміністратараў праўладных Тэлеграм-каналаў». Абраза, як можна заключыць з відэа з яе «прызнаннем», складалася сярод іншага з таго, што яна «ігнаравала перапіску з адміністратарамі каналаў, якія прытрымліваюцца дзяржаўнага пункту гледжання», і звярталася з рэкламнымі прапановамі ў каналы, якія былі прызнаныя «экстрэмісцкімі» – «Рэальная Беларусь» і Deutsche Welle.
– У Мінску за публікацыю ў Інстаграме быў затрыманы студэнт 3-га курса гістарычнага факультэта БДУ Дзмітрый Нячаеў.
- Палітыка рэжыму
– Лукашэнка падпісаў указ аб развіцці ваенна-патрыятычных клубаў. У дакуменце агаворваецца дзейнасць ваенна-патрыятычных клубаў для дзяцей і моладзі на тэрыторыі вайсковых частак унутраных войскаў МУС, Узброеных сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў. Сцвярджаецца, што «дзейнасць клубаў будзе садзейнічаць грамадзянскаму і патрыятычнаму выхаванню дзяцей і моладзі, павышэнню іх матывацыі да праходжання вайсковай службы».
– Дырэктарам Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі прызначаны генерал-маёр Алег Воінаў. Да апошняга часу ён быў памочникам міністра абароны Беларусі па пытаннях міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва. Месяцам раней з гэтай пасады быў звольнены вядомы гісторык Дзмітрый Яцэвіч, які ўзначальваў архіў 10 гадоў.
– Намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай анансаваў змены ў выкладанні гісторыі для вучняў 9-х класаў. У прыватнасці, плануецца ўвядзенне абавязковага факультатыва па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і ўключэнне пытанняў па гэтай тэме ў кожны экзаменацыйны білет па гісторыі Беларусі.
– Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ Генадзь Давыдзька прапанаваў увесці ў школах прадмет пра генацыд беларускага народа, каб дзеці навучыліся ганарыцца тым, што іх продкі прайшлі па «дарозе пакут». Такім чынам чыноўнік хоча «выратаваць» маладое пакаленне «ад няведання, няверы і няправільных дзеянняў у будучым».
– Упраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама разаслала ва ўстановы дашкольнай адукацыі дакумент аб неабходнасці правядзення мерапрыемстваў «патрыятычнай накіраванасці». Згодна з дакументам, цяпер дзеці ў дзіцячых садках будуць пачынаць заняткі з праслухоўвання гімна, раз у месяц яны будуць абавязаны наведваць музеі і памятныя мясціны, звязаныя, пераважна з тэмай Вялікай Айчыннай вайны, а напярэдадні дзяржаўных святаў ім трэба будзе ўдзельнічаць у спецыяльным занятку на тэму «Наш герб. Наш сцяг. Наш гімн». Аб выкананні мерапрыемстваў установам адукацыі давядзецца штоквартальна даваць справаздачу.
– Былы міністр МУС, інспектар рэжыму па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў правёў урок памяці «Нам гэты свет завешчана берагчы» ў СШ № 3 імя В.М. Усава г. Гродна. На занятках ён вучыў дзяцей вайсковаму пастраенню, удзельнічаў у дыскусіі на тэму 2-й Сусветнай вайны, дзе заявіў, што кіруючыя колы ЗША вядуць інфармацыйную вайну ў сучасным свеце, з-за чаго, на яго думку, многія не ведаюць, хто перамог у вайне насамрэч.
– Напярэдадні 9-га мая бацькі і педагогі расказалі, якія ідэалагічныя мерапрыемствы для дзяцей на прымусовай аснове рыхтуюцца ў школах і дзіцячых садах: «будуць казаць пра гімн, маляваць сцягі, расказваць пра Дзень яднання з Расіяй, а таксама пра «спецаперацыю».
– У Мінску назіраецца востры недахоп настаўнікаў пачатковых класаў і выхавацеляў дзіцячых садкоў. Па словах старшыні Мінгарвыканкама Уладзіміра Кухарава, адкрыты больш за 450 вакансій выхавацеляў і каля 50 вакансій настаўнікаў пачатковых класаў. Праблему ўлады плануюць вырашаць павелічэннем набору ў Мінскі гарадскі педагагічны каледж.
– Апублікавана інфармацыя аб мінімальных прахадных балах для абітурыентаў у 2022 годзе. У Ваенную акадэмію, Універсітэт МНС, Інстытут памежнай службы, ваенныя факультэты грамадзянскіх ВНУ можна будзе паступаць нават з сям’ю баламі. Што да астатніх ВНУ, то для падачы дакументаў на паступленне дастаткова будзе набраць 10 балаў па рускай ці беларускай мовах (на філалагічныя спецыяльнасці – 25 балаў), 20 балаў па матэматыцы, фізіцы, хіміі і біялогіі, 25 балаў – па гісторыі, грамадазнаўстве, геаграфіі, замежным мовам.
- Грамадзянская супольнасць і адукацыя
– У выніку візіту Святланы Ціханоўскай у Чэхію міністэрства адукацыі Чэхіі запэўніла беларускі бок, што чэшскія ВНУ працягнуць прыём абітурыентаў з Беларусі, калі яны будуць адпавядаць умовам прыёму. Па выніках сустрэчы Святланы Ціханоўскай з міністрам адукацыі Чэхіі Пятром Газдзікам была зроблена сумесная заява, у якой адзначаецца, што міністэрства адукацыі, моладзі і спорту Чэхіі поўнасцю падтрымлівае намаганні беларускай грамадзянскай супольнасці і працягне аказваць падтрымку як адлічаным студэнтам, так і навукоўцам, якія падвяргаюцца пераследу па палітычных матывах, у выглядзе стыпендый, азнаямленчых паездак і стажыровак. Раней улады Чэхіі абмяркоўвалі магчымасць прыпынення набору беларускіх студэнтаў на навучанне ў чэшскія ўніверсітэты, а таксама прыпыненне навучання студэнтаў, якія ўжо атрымліваюць адукацыю па некаторых тэхнічных спецыяльнасцях.
– Таццяна Шчытцова, філосаф, прадстаўніца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі звярнулася да беларускіх настаўнікаў і выкладчыкаў, падкрэсліўшы важнасць супрацьстаяння мілітарысцкай прапагандзе і абмеркавання адукацыйнай павесткі ў бягучай сітуацыі.
– Грамадска-культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі» сумесна з гісторыкам і археолагам Алесем Краўцэвічам запусціла цыкл адукацыйных відэалекцый «Гісторыя Беларусі за 5 хвілін». Першы выпуск ужо апублікаваны, новыя лекцыі будуць з'яўляцца кожны аўторак на ютуб-канале і сайце «Будзьма беларусамі».
– Адбыўся трэці вэбінар у рамках Антываеннага марафону, ініцыяванага вучонымі-гуманітарыямі з розных краін. Вебінар быў прысвечаны тэме: «Як звяртацца да тэмы вайны ва Ўкраіне ў школах?». У дыскусіі прынялі ўдзел настаўнікі і вучоныя з Украіны, Беларусі і Германіі. Вебінар быў арганізаваны Гісенскім Цэнтрам Усходнееўрапейскіх даследаванняў (GiZo) Універсітэта імя Юстуса Лібіха ў супрацоўніцтве з Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам. Запіс вэбінара апублікаваны на ютуб-канале ЕГУ.
– Настаўнік гісторыі мінскай школы №134 Уладзіслаў Бохан расказаў пра змены ў школьных падручніках па гісторыі пасля падзей 2020 года. На яго думку, змяненні ў асноўным закранулі тэму Вялікай Айчыннай вайны. Таксама змены закранулі найноўшую гісторыю: са старонак падручнікаў знікла імя Святланы Алексіевіч, і таксама была яшчэ больш скажоная інфармацыя пра перадумовы рэферэндуму 1996 г.
- Міжнародныя магчымасці
– Беларускі Дом правоў чалавека ім. Б. Звозскава сумесна са сваімі партнёрамі праводзіць конкурс грантаў у рамках праекта «Экстраная падтрымка грамадзянскай супольнасці Беларусі 2022-2023». Заяўкі прымаюцца ў некалькіх намінацыях з сумай грантаў ад 14 да 20 тыс. еўра, якія прызначаны на падтрымку арганізацый, ініцыятыў, экспертаў, даследчыкаў, якія знаходзяцца пад ціскам або рэпрэсіямі з боку беларускага палітычнага рэжыму, а таксама тых, чыя дзейнасць звязана з прасоўваннем правоў чалавека, развіццём грамадзянскай супольнасці, дапамогай пацярпелым і ўразлівым групам. У рамках праекта фінансаванне можа быць выдзелена на стабілізацыю работы арганізацый ва ўмовах іх перадыслакацыі за мяжу (рэгістрацыя і легалізацыя ў новай краіне, адпачынак супрацоўнікаў і валанцёраў, купля аргтэхнікі, перазапуск медыяплатформ, правядзенне рэтрытаў для каманд, выплата заработнай платы работнікам, арэнда офіса), навучанне супрацоўнікаў, правядзенне даследаванняў і г.д. Конкурс праводзіцца да размеркавання ўсіх сродкаў арганізатарам у кожнай з намінацый без абмежаванняў тэрміна для падачы заявак. Дата заканчэння ўсіх мерапрыемстваў і падачы справаздач – 01.10.2023.
– Праграма EU4Youth аб'явіла прыём заявак на гранты для праектаў, якія развіваюць лічбавыя, кар'ерныя, прадпрымальніцкія і экалагічныя навыкі ў маладых людзей, у т.л. з неблаганадзейных сем'яў. Сума гранта складае ад 250 тыс. да 1 млн. эўра. Праекты павінны быць прадстаўлены групай з мінімум трох і максімум шасці арганізацый, прычым сама меней два заяўнікі павінны быць з краін Усходняга партнёрства. Падача заявак – да 14 чэрвеня 2022 года.
– Праект EU4Culture аб'явіў аб конкурсе грантаў для беларускіх мастакоў і дзеячаў культуры. На конкурс прымаюцца заяўкі на стажыроўкі, азнаямленчыя паездкі, канферэнцыі, павышэнне кваліфікацыі і іншыя віды дзейнасці, якія садзейнічаюць абмену ведамі і міжкультурнаму дыялогу. Сума гранта складае ад 1 да 5 тысяч еўра. Падача заявак – да 29 мая 2022 года.
– Праект Нямецкага таварыства ўсходнееўрапейскіх даследаванняў «Форум гістарычных даследаванняў Беларусі» аб'яўляе конкурс стыпендый для навуковых стажыровак тэрмінам на 1 месяц. «Форум гістарычных даследаванняў Беларусі» з'яўляецца пляцоўкай для даследавання актуальных тэм гісторыі Беларусі, дае прастору для дыскусій і заахвочвае маладых вучоных да вывучэння гісторыі Беларусі і Германіі і гістарычных сувязей гэтых краін. Падача заявак – да 22 мая 2022 года.
– Інстытут сучаснай гісторыі ў Любляне (Славенія) запусціў стыпендыяльную праграму для навукоўцаў на перыяд з 1 кастрычніка 2022 г. па 1 кастрычніка 2023 г. тэрмінам ад 2 да 4 месяцаў. Навукоўцы, якія займаюцца сучаснай палітычнай, сацыяльнай, эканамічнай гісторыяй ці сумежнымі дысцыплінамі, а таксама навукоўцы, якія працуюць у галіне лічбавых гуманітарных навук могуць атрымаць падтрымку ў выглядзе бясплатнага пражывання, фінансавання камандзіровачных выдаткаў (да 500 еўра), магчымасці выкарыстоўваць працоўную прастору Інстытута і доступу да бібліятэкі Інстытута. Падача заявак – да 15 чэрвеня.
– Офіс па адукацыі для новай Беларусі ў рамках праграмы Каралеўства Нідэрландаў «Orange Scholarships» аб'яўляе конкурс грантаў на правядзенне даследаванняў у сферы сацыяльных і гуманітарных навук. Тэматычны фокус даследаванняў – Беларусь у кантэксце палітычных рэпрэсій і вайны ва Украіне. Прыём заявак – да 1 чэрвеня 2022 года.
– Кансультацыйны цэнтр EducationUSA Belarus прапануе шэраг адукацыйных магчымасцей, а таксама індывідуальныя анлайн-кансультацыі для абітурыентаў і студэнтаў з Беларусі і запрашае на онлайн-сустрэчу, прысвечаную праграмам навучання ў ЗША. Сустрэча адбудзецца 24 мая ў 17.00 па мінскім часе, зарэгістравацца на сустрэчу можна тут.
– Працягваецца набор на праграму Graduate Study Advising для студэнтаў, якія жадаюць падрыхтавацца да самастойнага паступлення ў магістратуру і дактарантуру ВНУ ЗША.